Версия для печати

40/40. Мастацка-дакументальная выстава ў музеі Багдановіча

  • Среда, 31 марта 2021 19:43

1 красавіка 2021 года а 17-й гадзіне ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча адбудзецца прэзентацыя мастацка-дакументальнай выставы “40 / 40”. 

Літаратурны музей Максіма Багдановіча 1 красавіка адзначае 40 гадоў з дня стварэння і пачатку сваёй дзейнасці. На мастацка-дакументальнай выставе прадстаўлены знакавыя прадметы з фонду Максіма Багдановіча за кожны год існавання музея – 40 прадметаў з 1981 па 2021 гады.

Музей пачынаўся не з калекцыі, не з канкрэтнага ўнікальнага экспаната, а з ідэі аб неабходнасці ўвекавечвання памяці славутага сына Беларусі, мемарыялізацыі яго спадчыны. З самага пачатку ён дзейнічаў як сістэма, што знаходзіцца ў цеснай сувязі з разнастайнымі літаратуразнаўчымі, навуковымі, музейнымі ўстановамі.

За сорак гадоў існавання Літаратурны музей Максіма Багдановіча папоўніў свой фонд да 21 000 адзінак. Сабраныя ў музеі экспанаты дазваляюць распавядаць аб станаўленні і развіцці беларускай літаратуры канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзяў, месцы і ролі ў гэтым працэсе Максіма Багдановіча, адлюстроўваць складаны і шматгранны працэс засваення класічнай літаратурнай спадчыны ў духоўным жыцці грамадства.

Літаратурны музей прысвечаны Максіму Багдановічу – Чалавеку і Паэту…

 У кожнага з нас – свой Максім Багдановіч, але ў  музеі пісьменніка кожны наведвальнік адкрывае яго наноў – розумам і сэрцам!

 

Выстава працуе з 1 па 28 красавіка 2021 года

г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7а

Тэлефоны:  8 (017) 355 22 95, 8 (017) 363 07 61

Прочитано 2888 раз