Пятница, 03 12 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Вытокі магіі ды творчасці

  • Понедельник, 21 июня 2021 12:25

Сярод новых кніг Выдавецкага дома «Звязда» лёгка знайсці чытанне для аматараў самых розных узростаў і густаў. У гэтым аглядзе прадстаўлены выданні для дзяцей, мастацкая проза і кнігі для тых, хто не проста любіць чытаць, але і цікавіцца біяграфіямі пісьменнікаў.

Крыніца цудаў — дзяцінства

У дзіцячых кнігах нярэдка сустракаецца фантастыка, але нараджаецца яна з самых розных крыніц — з’яў прыроды, далёкага космасу, магіі.

Містыка прыроднага характару — не самы часты троп. Ірына Карнавухава выбрала ў якасці сваёй крыніцы для загадак адно з сапраўды найцікавейшых і наймістычнейшых месцаў на планеце — возера Байкал. Казачная аповесць «Байкальскі сябар» апавядае пра хлопчыка Сцяпана, які разам з сям’ёй адпраўляецца на канікулы на востраў Альхон, на турбазу. Гэта другая кніга, працяг казкі «У царстве свяшчэннага Байкала». Тут героя чакаюць не толькі таямніцы і легенды неверагоднага старажытнага возера, але і новыя сябры.

Жанр абодвух твораў абазначаны як казка-быль. Аўтар блытае юных чытачоў, згушчаючы таямніцы над найглыбейшым у свеце возерам яшчэ больш. Якой энергіяй насычана гэтае месца? Можа, там сапраўды магчыма ўбачыць Дух Байкала, з якім сустракаецца галоўны герой аповесці, зазірнуць у міжсвецце…

Кніга, накіраваная на дзіцячую аўдыторыю, не магла абысціся без дыдактыкі, без імкнення перадаць мудрасць, навучыць, растлумачыць галоўнае, што варта захоўваць на зямлі і ў сабе — любоў да ўсяго, што атачае.

Другая кніга для дзяцей, што пабачыла свет у выдавецтве «Звязда», — «Казачныя аповесці пра міжпланетнага Пажарніка і іншых мамурыкаў» вядомай пісьменніцы Раісы Баравіковай, лаўрэаткі Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь. Героі, даўно ўпадабаныя маленькімі чытачамі і іх бацькамі, вярнуліся. Іх зноў можна сустрэць і на роднай планеце Мамурыі і дзесьці на Зямлі, якую героі-іншапланетнікі вельмі палюбілі. Прыгоды правядуць чытачоў следам за мамурамі і мамурыкамі па загадкавых далёкіх планетах і знаёмых мясцінах. У кнізе змясціліся тры аповесці, на працягу якіх Пажарнік знаёміцца з рознымі героямі. Усіх іх даволі лёгка ўявіць дзякуючы мастачцы Марыі Міцкевіч, што надзвычай важна для дзіцячай кнігі.

Яшчэ адзін важны момант — у анатацыі пазначана, што кніга паспрыяе экалагічнаму выхаванню дзяцей. Звычайна ў казках прамаўляецца «разумнае, добрае, вечнае», але не менш важна гаварыць з дзецьмі і пра тое, што адбываецца ў сучасным свеце, вучыць іх наладжваць камунікацыю з сабой і светам і ў тым ліку звяртаць увагу на экалогію. Толькі праз новае пакаленне атрымаецца захаваць планету.

Адкуль растуць вобразы?

Як стасункі ўплываюць на творчасць пісьменніка? Часцей за ўсё непасрэдна, бо чалавек, які займаецца мастацтвам, так ці інакш пускае эмоцыі ў сваю працу. У выдавецтве «Звязда» пабачыла свет перавыданне працы літаратуразнаўцы Дзяніса Марціновіча «“Донжуанскі спіс” Уладзіміра Караткевіча». У гэтым даследаванні аўтар натуральна складае ў храналагічным парадку спіс з імёнаў. Гэта жанчыны, з якімі быў знаёмы Караткевіч, якія натхнілі яго на пэўныя творы. Навошта патрэбна такое даследаванне? Дзяніс Марціновіч тлумачыць так: гэта спосаб больш шырока і падрабязна паглядзець на біяграфію пісьменніка, супаставіць падзеі з яго жыцця і творы. Каб выявіць прататыпы гераінь і адрасатак прысвячэнняў, аўтар даследавання працаваў з архівамі і эпісталярнай спадчынай Уладзіміра Караткевіча, а таксама карыстаўся так званым метадам уважлівага чытання — скрупулёзным супастаўленнем, пошукам падабенстваў у біяграфіі аўтара і падзеях, што адбываюцца з галоўнымі героямі. У кнізе няма нічога выдуманага і дадуманага, ніякіх «жоўтых» фактаў. Гэта нестандартнае і тым больш цікавае літаратуразнаўчае даследаванне.

Кніга са светлай назвай «З любоўю і дабром» Уладзіміра Саламахі, лаўрэата Нацыянальнай літаратурнай прэміі і Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, — гэта зборнік эсэ і разважанняў аўтара. Творы напісаны ў розныя гады і закранаюць творчасць і жыццёвы шлях многіх беларускіх класікаў і некаторых рускіх пісьменнікаў. Згадвае Уладзімір Саламаха і сваіх сучасных калег па пяры. Жанры, уключаныя ў кнігу, пазначаны як «эсэ, дыялогі, роздумы». У гэтых тэкстах адлюстроўваюцца характары людзей, тэмы, якія хвалююць пісьменнікаў, іх індывідуальнае гучанне. Аўтар непасрэдна прысутнічае ў кожным сваім тэксце, дзякуючы гэтаму чытанне пераўтвараецца ў лёгкае, сапраўды дыялагічнае — толькі ў дыялог з аўтарам уступаюць ужо не толькі тыя, хто становіцца героямі яго тэкстаў, але і тыя, хто гэтыя тэксты чытае. Найбуйнейшы раздзел у кнізе мае назву «Па шляхах класікаў». Эсэ з яго прысвечаны радзіме аўтара, людзям, якія жылі і жывуць на гэтай зямлі і становяцца прататыпамі для герояў розных аўтараў.

Таямніцы стварэння гісторыі

У кнігу Алеся Аляшкевіча ўвайшлі восем гістарычных аповесцей і пяць апавяданняў. Самы буйны твор, які даў і назву выданню, — «Крыж княжны Прадславы». Адзін з самых загадкавых фактаў, напэўна, самая таямнічая і знакамітая рэліквія з усёй гісторыі Беларусі — крыж Ефрасінні Полацкай. Ігумення жаночага манастыра ў Полацку Ефрасіння, дачка князя Прадслава, што не захацела пайсці замуж у 12-гадовым узросце, сышла ў манастыр, каб перапісваць кнігі і несці літаральна і метафарычна цяжкую ношу служэння Богу. У 1161 годзе яна заказала ювеліру Лазару Богшу крыж для царквы Святога Спаса, шасціканцовы, з асновай з кіпарысу, абкладзенай срэбнымі і залатымі пласцінамі з каштоўнымі камянямі і пяццю схаванымі ўнутры рэліквіямі. У час Вялікай Айчыннай вайны крыж быў страчаны. Так пачынаецца гісторыя самай загадкавай каштоўнасці Беларусі, а аповесць Алеся Аляшкевіча пачынаецца з таго, што да майстра-рэстаўратара прыходзіць чалавек з Міністэрства культуры і просіць стварыць копію крыжа для здымак фільма ў Полацку. Аповесць прасочвае ўвесь шлях рэліквіі ад стварэння да знікнення, часавыя пласты перамяжоўваюцца. На вачах чытача сучасны майстар стварае копію, Лазар Богша працуе над арыгіналам у 1161-м, а ў 1941-м крыж пакідае межы Беларусі.

У кнігу Алеся Бадака, што атрымала інтрыгоўную назву «Ідэальны чытач», па аднайменным творы, увайшлі празаічныя працы пісьменніка — апавяданні, аповесці і тэксты, абазначаныя аўтарам як «запіскі на хаду». Гэта своеасаблівае «выбранае» — большасць з гэтых тэкстаў ужо друкавалася ў розныя гады ў перыёдыцы, не толькі беларускай, але і замежнай. «Запіскі на хаду» — раздзел, што ўключае разважанні аўтара, яго згадкі пра ўласны літаратурны лёс, актуальныя пытанні літпрацэсу як таго часу, калі пісьменнік толькі ўваходзіў у яго, так і сучасныя. Гэта таксама разважанні пра тое, адкуль бярэцца літаратура ў чалавеку і як ён яе перапрацоўвае ў гатовы твор. Але настолькі набліжаныя да асобы аўтара, яны чытаюцца па-іншаму, не як навукова-папулярнае даследаванне, а псіхалагічныя назіранні за самім сабой.

Ганна Іванова

Калаж Святланы Таргонскай

Крыніца: ЛіМ

Прочитано 7496 раз