Понедельник, 26 07 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Пісьменніца Марыя Вайцяшонак нарадзілася ў высылцы на Алтаі...

  • Четверг, 17 декабря 2020 19:00

... Вырошчвае касмеі і слухае рэпераў.

...Адчыняюцца дзверы

Ў хаце,

Трэба сказаць

Гаспадыні,

Па што я

Прыйшла.

Па дарагія ўспаміны,

Быццам еду

З сёстрамі

З млына

на конях

Напудраваўшыся вальцам,

І кветка ў валасах.

«Асадніцкія дзеўкі»...

Гучаць — ліюцца замовай радкі верша са зборніка Марыі Вайцяшонак «Альбом для цёткі Марылі». Аб'ёмісты том, у якім проза, вершы, згадкі, мудрасць, настальгія, прыгажосць, шмат сэнсаў і падтэкстаў.

Вось сабралася згадаць, што ў Марыі Антонаўны 80-гадовы юбілей — і таксама падтэкст... Бо яна сама магла не ведаць пра гэтую дату.


«Асадніцкая дзеўка», дачка польскага асадніка, яна нарадзілася на далёкім Алтаі, у Змяінагорску, куды ў 1940-м саслалі сям'ю. Маці, беларуская сялянка, у час высылкі была цяжарная. Таму Марыя і не ведала ні свайго дакладнага дня нараджэння, ні нават года. Запісалі ўзрост пасля, прыблізна... І толькі нядаўна Марыя Вайцяшонак даведалася з дакументаў, што нарадзілася 1 снежня 1940 года.

Першае жытло яе — зямлянка, у якой змушаныя былі туліцца разам з козамі. Бацька там, у высылцы, хутка завёў іншую сям'ю. А «асадніцкім дзеўкам» давялося выжываць…

Па дарозе з дзіцячага дому ў Змяінагорску ў вёску Грыдзькі.

Па дарозе з дзіцячага дому ў Змяінагорску ў вёску Грыдзькі.

Але не, і гэта няправільнае слова. Марыя заўсёды жыла — так, як іншым не дадзена, як не ўмеюць. Там, дзе іншыя б зламаліся, ачарсцвелі душой, яна праходзіла з кветкай у валасах, з уменнем бачыць прыгажосць, прабачаць і спачуваць…

У Боркаўскай школе на Пружаншчыне.

У Боркаўскай школе на Пружаншчыне.

Марыя напісала дзясяткі кніг — прозы, публіцыстыкі, паэзіі, працавала ў часопісах «Беларусь» і «Нёман», у «Сельскай газеце». І заўсёды ўспрымалася для мяне ў атачэнні кветак... І ў дзівосным садзе, які гадуе на лецішчы... І ў доме, у густоўным стракаценні карцін, букетаў, каменняў і ракавінак... І ў яе вершах — кветкі, кветкі... Лілея ў пакрышаным бурай садзе, напёрстка на пахавальным пагорку, таямнічая алтайская брунера, юлёвая ясная кампанула, познія дзікія юргіні, белыя канваліі…

На Піншчыне ў камандзіроўцы.

На Піншчыне ў камандзіроўцы.

Сёння Марыя жыве за горадам, каля свайго саду. У яе сур'ёзныя праблемы са зрокам — свае думкі яна надыктоўвае, і з дапамогай гісторыка Аксаны Ёркінай яны трапляюць на адмысловую старонку ў фэйсбуку «На прызбе ў Сілічах», дзе кожны можа сустрэцца з Марыяй, пачуць яе.

І гэтая наша размова — быццам шлях праз яе Сад.

МАР'ІН КОРАНЬ

— Памятаеш сваю першую сустрэчу з кветкамі?

— Так... На Алтаі... Памятаю сопкі, горы... Я не ўсведамляла, што мы былі сасланыя, што быў голад, што было вельмі холадна. Таму што ў мяне мелася воля. Я хадзіла сама па сопках, ніхто мяне не чакаў: ні старэйшая сястра, ні мама. Бацька ўжо з намі не жыў. І самы дарагі твар, першы, які ўспамінаю, — твар прыроды. Нам дазволілі пераехаць у горад, у Змяінагорск, пасля рэабілітацыі, там ужо жылі ў падвале. А калі ў зямлянцы, дарослыя мяне пакідалі зусім маленькую і ішлі працаваць на руднік. Першы ўспамін: прыйшла вясна, столь зямлянкі пачала працякаць, на падлозе стаяла лужына. І раптам бачу, што кавалак гліны, які зваліўся са столі, пачаў рухацца — гэта была жаба... Самае цікавае — не ўспамінаю адчування голаду. Я ж магла карыстацца ўсім, што ў мяне пад нагамі: лісце, трава... Не было прадчування бяды. Здавалася, вось яно, жыццё, такім і павінна быць. Жук, які жыве недзе ў зямлі, пэўна ж, не маркоціцца, не сумуе, не лічыць сябе няшчасным, што ў яго такое асяроддзе. Выходзіш з падвала і бачыш такі прыгожы свет... Дык вось, памятаю, як я знайшла паўзучую півоню — мар'ін корань. І гэта была такая падзея, што гэтая кветка мне сустрэлася. Яна не бухматая, але пялёсткі вялікія, яркі колер, пурпуровы. Я адчула асабовасць кветкі і сябе таксама. Нехта мяне вылучыў нарэшце! Па сёння памятаю схіл той сопкі…

— Колькі гадоў табе было?

— Ну, можа, пяць. Па сёння шукаю — на кірмашах, Камароўцы мінскай — той мар'ін корань. Купляю насенне, мне нешта прыносяць, але гэта не той мар'ін корань дзікі... Падобны, але ён ужо бухматы, некім адкарэкціраваны... У тыя гады на ўсе вочы мае была тая кветка... Здавалася, гэта не расліна, а разумная істота.

КАСМЕЯ

— У тваіх вершах часта згадваецца касмея...

— На Алтаі мы жылі толькі за тое, што мама магла прасці, у падвале нашым стаяў калаўрот, а старэйшая сястра Уладзя на прутках вязала хусткі раблёныя, белыя, з казінага пуху. У падвале з намі жылі козы. Мы з сястрой неяк адносілі заказ да жанчыны... А яна кажа: «Я зараз вам нарэжу кветак». Гэта былі касмеі. Яны стаялі вельмі густа. Цэлая дзялка... І ў мяне з'явілася жыватворчае адчуванне... Таму што нам часам давалі ў дадатак да аплаты нейкія прадукты, рэчы, а кветкі ніхто ніколі не прапаноўваў. Гэта першы раз. Нам было вельмі важна, што ў нас, худых, галодных, кепска апранутых, пабачылі тых, каму можна падарыць кветкі. Можа, таму, што Уладзя вязала вельмі прыгожыя хусткі. І святла ж не было ў падвале, але атрымлівалася ў яе мастацтва... У мяне ёсць нават некалькі фотаздымкаў, дзе Уладзя ў такую хустку захутаная, хустка вялікая, хавае ўсю постаць.

Сінегалоўнік.

Сінегалоўнік.

— У цябе яшчэ былі сёстры, браты?

— Уладзя была сасланая з бацькам і маці ў Змяінагорск. А малодшыя, Гелена, Лёня, як яе звалі па-хатняму, і брат Бронік, памерлі яшчэ ў аблозе, пахаваныя ў Паставах, на гарадскіх могілках. А мама на Алтаі памерла, і бацька. Але яго ўжо хавала іншая сям'я. Дарэчы, цяпер у мяне раскоша...Тут, у Сілічах, доўжыцца мой Алтай, бо козы нашага суседа ідуць на выган каля маіх вокнаў... Тады клічу свайго сабаку: «Мальта, паглядзі: козлікі ідуць!»

БЕЛАЯ РУЖАЧКА

— Чаму твой зборнік называецца «Альбом для цёткі Марылі»?

— Пасля смерці маці я была ў дзіцячых дамах, у Змяінагорску, потым у Маскве, у Залессі, потым у Ракаве. Уладзя вельмі хутка памерла, сэрца не вытрымала. Яна ўжо на рудніках была хворая. А галоўнае — знайшла мяне цётка Марыля. Я была ў яе з другога па сёмы клас і з дзіцячых дамоў на канікулы прыязджала. Яна з мужам Віталікам жыла ў Грыдзьках, на Пастаўшчыне. Гэта радзіма мамы, мая радзіма. Ад Грыдзек, за кіламетр, не болей, была аблога бацькава. Хата цёткі і дзядзькі маленькая, з адным акенцам — будавалася пасля вайны як варыўня. Дзядзька і цётка тады думалі, што пасля яшчэ пабудуюць хату, але так і не разжыліся — з гэтай варыўні і пайшлі ў іншы свет. Я ніколі не чула, каб мае дзядзька і цётка гаварылі, што яны бедныя. Падлога была земляная, страха саламяная... І ніхто ніколі не жаліўся. Не бедавалі, не зайздросцілі, ні пра кога не гаварылі кепска. Для мяне яны — святое сямейства. А пад акном у нас расла белая ружачка. І, пэўна, мой дзядзька Віталік заўважыў, што ў мяне да гэтых кветак асаблівае стаўленне. Ён прыходзіць дамоў і трымае руку за спінай. І раптам падносіць мне ружу... Але не белую, а ружовую, таксама не садовую, а з куста. «Глядзі, кажа, у Вінцука якая ружа ёсць!» І гэта была першая кветка, якую мне падарыў мужчына — мой дзядзька. А быў ён «вараўны», як у нас казалі, не любіў размаўляць…

— Гэтая твая фраза — «Прысела і думаю, ці не доўга я сяджу» — адтуль, ад сялянскага ўкладу цёткі?

— Так. Я лічу, што воля і сваволя ходзяць, за рукі пабраўшыся. Я прывыкла шанаваць час. Вельмі важна, каб у дзіцяці была свая адказнасць. Мне дзядзька Віталік мог сказаць: «Вось гэта зробіш, а потым куды хочаш, туды ідзі». Гэта такі заробак, ты зарабляеш сабе волю. А калі твая воля заробленая, у яе зусім інакшы колер. І вакол цябе тады ўсё такое каляровае, бухматае, шыкоўнае. Ты ўжо напоўзаўся ў лехах, нешта выбіраў, палоў... І раптам — воля. Дзеці павінны, як у жмені, разам быць усё жыццё са старэйшымі. Я дзіўлюся, калі наша суседка, маладая мама, прыводзіць сваю дачку ў капялюшыку з карункамі, і штонікі на ёй таксама як на даваенных святочных паштоўках. А побач жа зямля дыхае, вяскоўцам ні прысесці, ні ўстаць, ні пагуляць... Мне ў вёсцы ўдзень пераапрануцца ў нешта лепшае няма як. І вось гляджу я на тую маладую маму і дачку ў капялюшыку і дзіўлюся: на якое жыццё яны разлічваюць? Лепш пачынаць з зямлі, падымацца ад яе. Вучыць дзіця садзіць цыбулінку, зярнятка. Не цурацца тае зямлі, не адгароджвацца ад яе нейкімі ўборамі, сукенкамі. Трэба дыхаць гэтай зямлёй. Тады ў дзіцяці будзе «зазямленне», яно «магнэз зямлі» стане адчуваць. Мы яшчэ так мала спасціглі таго, што ў нас пад нагамі. Толькі жывучы ў вёсцы, можаш мець нейкія здаровыя адчуванні, рэакцыю на тое, што адбываецца.

КАТАЛЬПА

— У тваім садзе ёсць любімыя кветкі?

— Я дзіўлюся, калі гавораць: зараз модная вось такая кветка ці вось такая... Не разумею гэтага, таму што сад павінен мець гісторыю гаспадара, люстраваць яго адносіны да зямлі. Каб было адзінства з ім. Напрыклад, калі мы набылі гэты дом, у садзе расло вялікае дрэва катальпа, яно родам з Японіі, Кітая. Былы гаспадар непакоіўся, ці будуць на ім лісты вясной, прапаноўваў спілаваць. Я пачала дрэва выходжваць... І гэтым летам здарыўся вялікі вецер. Я паглядзела ў акно і ўбачыла, што за ноч вецер змяніў катальпу. Расахатае галлё стала інакшым, а само дрэва развярнулася тварам да сцежкі, па якой звычайна мы ходзім. Да нас. І гэта было так нечакана... Як быццам які чалавек раптам сказаў табе нешта добрае. І цяпер ідзеш паўз тое дрэва — абавязкова звяртаеш увагу на яго. І гэтым летам яно цвіло... Ярусамі, вялікімі белымі кветкамі... Ёсць у мяне яшчэ кветка, якая родам з Алтая, саранка. Яна абавязкова павінна быць у мяне, яна для мяне як радня. Гэта такая лілея... Яе карэнні можна нават есці. Не памятаю, магчыма, у дзяцінстве і каштавала яе.

КВЕЦЕНЬ БУЛЬБЫ І САКУРЫ

Жанчыны

Майго племя

Не ходзяць глядзець

На сакуру

На вішню

Ў ружовым.

Яны перапытваюць

Адна ў адной,

Ці зацвіла ў гародзе

Бульба.

Дробная кветка без паху,

Не маючы прыгажосці,

Толькі сваім з'яўленнем

Вабіць увагу,

Абяцае

Ружовую завязь паспешкі.

— Гэта верш з твайго зборніка, у якім нібыта супрацьпастаўляюцца вясковы прагматызм і рамантыка тых, хто глядзіць на квецень вішні... З аднаго боку, ты спавядаеш прывязку да зямлі, з іншага — супрацьстаіш залішняй заземленасці... Вось мой муж, вясковец паходжаннем, неахвотна дорыць мне букеты... Аднойчы прызнаўся, што не любіць «трупы кветак».

— Мы з ім у гэтым супадаем. Нядаўна прасіла сяброў толькі ружы мне не купляць, таму што яны паміраюць на другі-трэці дзень, і я не хачу, каб яны паміралі на маіх вачах.

— Але ж калі ты была настаўніцай, табе дарылі кветкі?

— Чамусьці не памятаю. Мусіць, не было ў той вёсцы такога звычаю. Гэта Пружаншчына, вёска Барок. Тады яшчэ вучылася завочна ва ўніверсітэце. Я здымала пакой у бабулі. Ніхто не мог узяць пастаяльца, толькі яна згадзілася. У яе былі дзень і ноч адчыненыя дзверы, як у нары. Я гатавала на прымусе, у мяне быў маленькі пакой... У Грыдзьках расло шмат кветак, абавязкова гародчыкі каля хаты як прывітанне тым, хто ідзе і едзе па гасцінцы. Жанчыны вясной увесь час абменьваліся насеннем, карэннем. А на Пружаншчыне я гэтага не бачыла. Затое там Белавежская пушча побач.

— Заўсёды дзівілася твайму ўменню бачыць прыгажосць у дэталях, як умеюць японскія паэты. У сваім блогу ты расказала эпізод, як табе ў дзіцячым доме далі на сняданак яечка і якое гэта было свята.

— Дзядзька Віталік быў пастырам, пастухом. Да яго прыходзілі зарана ўзімку, дамаўляліся і з іншых вёсак, бо ён быў вельмі добры пастыр, ніколі карову або цяля не страціў. Вясной ён знаходзіў гнёзды качак, усе яйкі ніколі не забіраў — толькі некалькі, каб прынесці дамоў. І калі я прыязджала з дзіцячага дома да цёткі, яна збірала для мяне яйкі... А ў Ракаве, у дзіцячым доме, калі мне давалі яйка, на нейкі момант мне здавалася, што я зноў у цётчынай хаце з адным акенцам — месцы, дзе найлепей сябе адчувала. У яйку ўсё так сканцэнтравана, такая сіла, з яго можа нарадзіцца птушаня, як з цыбуліны — кветка лілеі... І яго можна ўзяць у руку... У ім таямніца. Разумееш, калі ты абезаблічаны, у вас агульныя ложкі, дваццаць у пакоі, агульная вопратка, аднолькавая... Штаны, памятаю, называлі «бб» — чаму, не ведаю... Чаравікі аднолькавыя... І раптам — яйка, такая дасканаласць у ім... Да гэтага прывыкнуць, колькі я жыву — а жыву я шмат, як ты ведаеш, — немагчыма. Калі я на вячэру адвару сабе яйка — гэта свята. У нас на лецішчы, у кошыку, які быў у кустах бэзу для дэкору, пасялілася сойка, вывела птушанят. І ў людзей з'явіліся новыя сцежкі, памянялася жыццё. Мы хадзілі вакол — хоць праз плот лезь, бо сойка, калі бачыла, што набліжаешся, так стракатала... Быццам яна мае ружжо, быццам яна — такая абарона…

— У тваёй біяграфіі быў і часопіс «Нёман», які святкуе 75-годдзе...

— Так, працавала там у аддзеле нарыса, калі быў рэдактарам Анатоль Кудравец. Памятаю, што працавалі са мной Браніслаў Спрынчан, Эдзік Каспяровіч. Прыходзілі ў рэдакцыю Міхась Стральцоў, Кастусь Тарасаў…

— Гэта было ў васьмідзясятыя?

— Не згадаю. Ведаеш, пэўна, мне так наканавана: я ўсё жыццё не ведала, колькі мне гадоў, і лічбы па сёння не запамінаю, адчужанасць у мяне да лічбаў.

— А яшчэ ты сказала ў сваім блогу: «Калі ты жывеш у часе, у якім жыве рэпер, у цябе абавязкова павінна быць нешта ад рэпера»...

— Мне проста вельмі цікава, што такое вулічныя танцы. Можа, я ў сваіх гадах мушу прасіць прабачэння за тое, што мне гэта цікава, — але мне цікава. Як яны рухаюцца, іх музыка... І да мяне яна даходзіць. Мне цікава, што пішуць маладзейшыя: і Наста Кудасава, і Таццяна Скарынкіна, і Георгій Барташ, і Андрэй Горват, і Вольга Злотнікава ды многія іншыя. Аксана Ёркіна чытае мне публікацыі, бо сама я ўжо не магу. Вельмі рада, што магу падзяліцца ўражаннямі на старонцы «На прызбе ў Сілічах» у «Фэйсбуку». І апошняе: калі адзінокі чалавек не адчувае сябе адзінокім, гэта значыць, што побач з ім знаходзіцца Бог. Гэтае выслоўе мяне вельмі падтрымлівае.

Людміла Рублеўская

Фота з асабістага архіва Марыі Вайцяшонак

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: КВЕТКІ МАРЫІ

Прочитано 2802 раз