Воскресенье, 20 06 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Літаратурная біяграфія Лунінца

  • Среда, 03 февраля 2021 10:33

Глыбінны палескі гарадок у сваіх памкненнях да гістарычнай вечнасці з году ў год развіваецца, набывае абрысы новага аблічча. І разам з тым у галоўным застаецца ранейшым Лунінцам з усімі выдаткамі няпростага палескага жыцця…І жывуць тут ва ўсе вякі шчырыя, руплівыя, самаахвярныя, добразычлівыя, крыху зацятыя ў жаданні адолець вяршыні светастварэння палешукі, лунінчане.

З кожнай чарговай экскурсіяй у Лунінец у мяне расце перакананне, што з часам жыць у звычайным райцэнтры на Берасцейшчыне становіцца ўсё цікавей і нават прэстыжней. Чаму так думаю, на чым будуюцца мае, як некаму падасца, суб’ектыўныя высновы? Ды ўсё ж на тым самым, што шырэе, большыцца культурная, грамадска-асветніцкая прастора горада і ўвогуле ўсяе Лунінецкай старонкі. Як уражлівы прыклад – тыя дні памяці Аляксандра Блока і Мікалая Калінковіча (між іншым, даследчыка творчасці вялікага паэта, аўтара кнігі «Палескія дні Аляксандра Блока»), што з году ў год з сярэдзіны 1990-х ладзяцца ў горадзе і раёне. А яшчэ – велізарная краязнаўчая дзейнасць, ініцыяваная Таццянай Канапацкай, Вадзімам Жылко, Сцяпанам Нефідовічам, іншымі лунінчанамі. Ды таксама – і выданне кніг. І лідарка ў гэтых клопатах – журналістка, краязнаўца Таццяна Канапацкая.

Як для правінцыі, дык проста ўражлівы прыклад збірання талентаў, грамадская іх падтрымка…І, канешне ж, праявы творчай работы многіх яркіх асоб…Пра некаторых з лунінчан, хто ў розныя гады-дзесяцігоддзі спрыяў пашырэнню такой творчай атмасферы краю, і згадаем мы сёння.

…Дарэчы, калі зайшла размова пра развіццё выдавецкіх, літаратурных традыцый у краі, то цікавы такі факт. Толькі ў 1996-1999 гадах журналіст і краязнаўца Вадзім Жылко выдаў у Лунінцы цэлую серыю кніжачак «Галасы Лунінеччыны» з 9 (!) альманахаў з творамі літаратараў-землякоў. З 2000 года ў райцэнтры выдаецца, дзякуючы намаганням усё таго ж Вадзіма Жылко, серыя «Лунінецкая муза». Пабачыла свет некалькі дзясяткаў (!) альманахаў. А яшчэ ў выглядзе кніг асобных аўтараў прыходзяць да чытача і дадаткі да альманаха. Выдаецца таксама краязнаўчы альманах «Лунінецкі сшытак». У 1998 годзе пабачыла свет анталогія вершаў лунінецкіх аўтараў «Азбука паэзіі». Можна толькі дзівіцца, адкуль ў правінцыі гэтулькі талентаў!

А пачатак, вытокі – вось яны, блізка-блізенька: у 1960-1970-х гадах. Менавіта тады разгортвалася літаратурна-краязнаўчая работа журналіста і пісьменніка Мікалая Калінковіча. Так здарылася-склалася, што ў сябрыну Саюза пісьменнікаў СССР яго прынялі ўжо ў Туркменістане – у 1984 годзе. Менаівта ў Ашхабадзе да чытача прыйшлі першыя кнігі Мікалая: «Возвращении рассветной рани»  і «Имя мое Свобода». Праўда, за некалькі гадоў перад імі пабачыў свет невялікі памерам нарыс «Лунінец» і ў Мінску. Кніжачка была напісана ў сааўтарстве. Хаця нельга сказаць, што талент Мікалая разгортваўся за межамі роднай старонкі. Не, хутчэй, там, у Каракумах, ён мацаваўся, гартаваўся, мужнеў.

А наступнікі Мікалая Калінковіча на ніве літаратурнай, творчай работы – землякі Мікалай Елянеўскі (ён яшчэ і член Саюза пісьменнікаў Расіі), Аксана Спрынчан (білет члена творчага саюза ёй уручалі менавіта ў Лунінцы, бо тут яна нарадзілася, з палескім горадам выяўляе яднанне ў сваёй творчасці і зараз).

У пісьменніцкай сябрыне -- і Таццяна Канапацкая, старанны краязнаўчы літаратар, публіцыст, укладальнік шасці ці нават болей выпускаў зборніка «Лунінецкая памяць», укладальнік гісторыка-дакументальнай хронікі Лунінецкага раёна «Памяць». Зараз яна рупіцца над новай інціыятывай – наданнем імя Мікалая Калінковіча раённай бібліятэцы.

Вандруючы па сучасным Лунінцы, адкрываючы яго стары цэнтр на вуліцах Савецкай і Чырвонай, углядаючыся ў помнікі, якія пастаўлены за пасляваенныя гады, усё ж часам думаецца і пра тое, што менавіта ў Лунінцы магло б быць крыху болей пазнак старасветчыны гарадка, яго даўняй гісторыі. Адпаведна – і ўвагі да знакамітых прашчураў. Выдатна, што ёсць тут вуліца Калінковіча. Але шкада, што па-за шырокай увагай застаюцца Платон Ціхановіч (1838 – 1922), які працаваў святаром у Лунінцы ў Барысаглебскай царкве. Між іншым, гэта менавіта ён з’яўляецца аўтарам «Беларускай граматыкі» (завершана ў 1875 годзе). Чаму б не ўшанаваць хаця б усталяваннем мемарыяльнай дошкі рускую пісьменніцу Соф’ю Прорвіч (1860 – каля 1937 года), якая з’яўляецца аўтарам многіх духоўных твораў.  На Лунінеччыне (у Лахве, Луніне, самім Лунінцы) збіраў матэрыялы па вывучэнню беларускай мовы прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Яўхім Карскі (1861 – 1931).  Калі б вы зазірнулі ў кнігу «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» вядомага фалькларыста А. К. Сержпутоўскага (1864 – 1940), то таксама склалася б уражанне, што быццам у Лунінцы, на Лунінеччыне пабывалі…            Асабліва гэта відаць па казках, запісаных даследчыкам.

У Мікашэвічах (а сёння ў гэтага лунінецкага паселішча ўжо статус горада) нарадзіўся 28 лістапада 1934 года польскі пісьменнік Багдан Мадэй. Праўда, у мястэчку прайшлі толькі першыя два гады жыцця будучага літаратара. Пазней сям’я Мадэяў пераехала ў Гродна. Сярод кніг Багдана Мадэя цікавасць у польскага чытача выклікалі зборнікі апавяданняў і аповесцяў «Маладыя дарослыя людзі», «Баль», «Сузор’е»… Ураджэнец Лунінеччыны яшчэ вядомы і перакладамі мастацкіх твораў з англійскай на польскую мову. Дарэчы, Мікашэвічы – і радзіма яўрэйскага пісьменніка Шымана Гарадзецкага (нарадзіўся ў 1920 годзе). Ваяваў у складзе арміі Андэрса. Аўтар аповесці «Эхіэль-герой», многіх паэтычных твораў.

І ў літаратурнай біяграфіі лунінецкага краю знайшлося месца розным моўным, нацыянальным плыням – беларускай перш-наперш, польскай, рускай, польскай, яўрэйскай… Акалічнасць немалаважная, якая ў чарговы раз падкрэслівае, што Беларусь і нават глыбінная палеская старонка – і ёсць перакрыжаванне многіх дарог, эпіцэнтр, дзе судакранаюцца народы і культуры, дзе ёсць месца для ўсіх, хто імкнецца ўкладам свайго жыцця працаваць на будучыню, на вечнасць… І калі ў вас з’явіцца вольная часінка, задумайцеся над гэтым, углядзіцеся ў твары нашых суайчыннікаў, успомніце розных сваіх суродзічаў.

 

Алесь Карлюкевіч

Ілюстрацыя: ekskursii.by

Прочитано 2167 раз