Среда, 12 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Беларускія прыгоды англійскай пісьменніцы

  • Понедельник, 22 февраля 2021 13:42

З літаратурна-краязнаўчай памяці пра падзеі на Пухавіччыне гэты фрагмент гісторыі, на мой суб’ектыўны погляд, надзвычай цікавы і адметны.

У 1931 годзе ў Лондане, Бамбеі і Сіднеі выходзіць дакументальная кніга англійскай пісьменніцы Сесіліі Чэстэртон «Мае рускія прыгоды». Не блытайце гэта імя з Гілбертам Кітам Чэстэртонам, вядомым англійскім пісьменнікам, які нарадзіўся ў Лондане ў 1874 годзе і памёр у 1936… Гілберт Кіт Чэстэртон — адзін з буйнейшых прадстаўнікоў дэтэктыўнага жанру. Пачынаў пісаць, праўда, як паэт — першыя вершаваныя зборнікі выдаў у 1900 годзе — «Гуляючыя старыя», «Дзікі рыцар». У 1909 годзе выйшаў яго раман філасофскага характару «Шар і крыж». Зборнікі апавяданняў з займальнай інтрыгай пра сышчыка-святара Браўна прыходзілі да чытача з 1911 па 1935 гады. Гілберт Кіт Чэстэртон — і аўтар гумарыстычных раманаў «Напалеон з Нотынг Хіла» (1904), «Вяртанне ДонКіхота» (1926). А што ж вядома пра Сесілію Чэстэртон і чаму яе варта ўзгадаць ў сувязі з Пухавіччынай?..

У 1982 годзе вядомы беларускі культуролаг Адам Восіпавіч Мальдзіс атрымаў стыпендыю ЮНЕСКА і адправіўся на два месяцы ў Англію, каб у бібліятэках Вялікабрытаніі шукаць у замежнай літаратуры, ды ўвогуле ў кнігах і рукапісах, якія там захоўваюцца, згадкі пра Беларусь, пра беларускую літаратуру. Часткова вынікі сваіх даследаванняў вучоны і пісьменнік агучыў у «Англійскім дзённіку» (ён і склаў большую частку кнігі «З літаратуразнаўчых вандраванняў», Мінск, «Мастацкая літаратура», 1987 год).

17 снежня 1982 года Адам Мальдзіс занатоўвае: «Першым англійскім літаратарам, які трапіў у Савецкую Беларусь і падрабязна яе апісаў, была Сесіль Чэстэртон. Яе выключна цікавыя, хоць часам і супярэчлівыя нататкі пад загалоўкам, які можна перакласці «Мае рускія прыгоды», або «Мая руская рызыкоўная задума», былі выдадзены ў 1931 годзе… Беларускія ўражанні тут займаюць каля 120 старонак. Як можна меркаваць з самой кнігі, у сваё падарожжа па Беларусі і Украіне Сесіль Чэстэртон адбыла познім летам 1930 года. Па-першае, аўтар згадвае падзеі 1929 года ўжо ў мінулым часе. Па-другое, і гэта галоўны аргумент, яна прысутнічала ў Мінску на Першай Усебеларускай сельскагаспадарчай і прамысловай выстаўцы. А яна, як вядома, дзейнічала ў жніўні-кастрычніку 1930 года…».

«Беларускія старонкі» кнігі спадарыні Сесіліі Чэстэртон распачынаюцца расповядам пра Стоўбцы. Тут журналістка з Англіі спыняецца ў атэлі з гучнай назвай «Еўропа». Пасля — сустрэча з Нясвіжам, іншымі ваколіцамі. У Нясвіжы Сесіль і спадарожніцу Бані адгаворвалі ад падарожжа ў СССР. Ды англічанкі праявілі настойлівасць…

У Мінску Сесілія Чэстэртон знаёміцца з упаўнаважаным Наркамата замежных спраў СССР пры СНК БССР Аляксандрам Фёдаравічам Ульянавым. Адкрывае для сябе Пралетарскі парк (зараз — парк імя М. Горкага), тэатр, наведваецца ў кафэ. Чэстэртон цікавіць літаральна ўсё: і дзейнасць цэркваў, і рэкламныя абвесткі на слупах. Добрае ўражанне пакідае сельскагаспадарчая выстаўка. Але даверымся занатаванаму Адамам Мальдзісам: «І вось аўтамабіль з англійскімі гасцямі спыніўся ля ўваходу на выстаўку (прыгадаем, што размяшчалася яна на плошчы ў 75 гектараў паміж цяперашнімі паркам імя Чалюскінцаў і вуліцай Якуба Коласа). Чэстэртон адразу зразумела, што па свайму характару, па маштабах гэта выстаўка была зусім не падобная на ўсё тое, што яна бачыла раней, у тым ліку на англійскую экспазіцыю ў прыгарадзе Лондана Уэмблі. У Мінску ўсё было «задумана сур’ёзна, каб паказаць гандаль, індустрыю, сельскую гаспадарку і агульнае развіццё Беларусі за час пасля ўстанаўлення Савецкай улады».

На пачатку знаёмства з выстаўкай англійская пісьменніца «адчула самыя моцныя ўражанні за ўсё сваё жыццё».

Набыўшы нямала досведу ў спасціжэнні жыцця ў Беларусі, Сесіль плануе далейшы маршрут. 19 снежня 1982 года Адам Мальдзіс занатоўвае наступныя ўражанні ад прачытанага: «Місіс Сесіль Чэстэртон і яе спадарожніца Бані пакінулі Мінск у добрым настроі. «Замежны міністр» Ульянаў дапамог ім купіць спальныя білеты да Кіева, яшчэ раз памяняць грошы. У чамаданах ляжалі падарункі «агракультурыстаў». Савецкія людзі аднесліся да англійскіх госцяў добразычліва, спачувальна.

 

Такім чынам, робіць вывад пісьменніца, не збыліся ўсе «прароцтвы», выказаныя з польскага боку граніцы: «Нас ніхто не мучыў і не праследаваў, не рэгламентаваў і афіцыйна не інструктаваў. Мы бачылі ўсё, што нам хацелася, заходзілі, куды пажадалася, і ніводзін камісар ці работнік ОГПУ не аказаўся на нашым шляху».

Усеўшыся ў вагон, спадарожніцы яшчэ раз прыгледзеліся да натоўпу за акном. У адрозненне ад Захаду, на тварах жанчын тут не віднелася грыму ці памады. Адзенне было просценькае і таннае, без розных там дадатковых «аксесуараў» — летніх пальчатак, радыкюляў ці шаўковых панчох. Але маладыя, загарэлыя, бадзёрыя дзяўчаты добра абыходзіліся і без іх. Старэйшым, уздыхае Чэстэртон (з гэтага вынікае, што і сама яна была пажылога ўзросту), прыдалося б крыху грыму ды розных «жаночых штучак». Праўда, самі беларускі такой патрэбы, відаць, не адчувалі…»

Цягнік рушыў… Канчатковы пункт — Кіеў. Але ж не забывайцеся, што пасажырамі з’яўляюцца зусім не шараговыя турысты. На адным з бліжэйшых прыпынкаў пісьменніца з сяброўкай выходзіць на станцыю. У кнізе назва станцыі не згадваецца. Адам Восіпавіч Мальдзіс, уважліва аналізуючы ўсе тэкставыя пазнакі, зазначае: «Мяркуючы па адлегласці, гэта было недзе ў раёне Пухавіч…»

Здзіўлены і разгублены «станцыйны майстар» (так называе чыгуначнага чыноўніка са станцыі Пухавічы англійская пісьменніца) пазнаёміўся з дакументамі вандроўніц са «Старога Свету», пасля дапамог з транспартам. Пясчаная дарога прывяла Сесіль і Бані ў адну з вёсак, «дзе новае своеасабліва перапляталася са старым». Былі і пахілыя хаты, і сучаснае жытло. На начлег падарожніцы спыніліся ў гаспадароў Івана і Марты. «…вось бы, падумалася, — піша Адам Мальдзіс, — неяк адшукаць іх, даведацца, як далей склаўся іх лёс…» Мо хто з нашчадкаў Івана ды Марты трымае ў памяці гісторыю з англійскай пісьменніцай?..

І хаця Марта паказала, дзе знаходзяцца школа, магазін, пошта, кантакты не дужа ладзіліся. Мясцовыя жыхары прывялі тады немца Ганса, які крыху ведаў і англійскую мову. Яшчэ да вайны немец ажаніўся з уладальніцай мясцовай крамы. Яна ў хуткім часе памерла, а Ганс застаўся ў Беларусі, пачаў працаваць у мясцовай камуне. Як бачыце, ужо ёсць некаторая падказка. А каб зазірнуць у 1930 год з пэўнай доляй дакладнасці, звернемся да гісторыка-дакументальнай хронікі

Пухавіцкага раёна «Памяць»: «…Арганізатарамі першай камуны на Пухавіччыне былі камуністы — былыя эмігранты, якія вярнуліся з ЗША: Федарынчык, Лысак, Іванюкевіч, Дрычыц і іншыя. Камуна «Звязда» была створана 1 красавіка 1921 г. у былым маёнтку «Шчамысліца». За ёй замацавалі 200 гектараў ворнай зямлі, 5 гектараў саду, які раней належыў памешчыку Шабуні. Наркамзем БССР аказаў камуне дапамогу ў набыцці жывёлы, насення, інвентару. Камунары пабудавалі жылыя дамы, памяшканні для грамадскай жывёлы, крыху пазней адкрылі клуб, сталоўку.

Сяляне з бліжэйшых вёсак — Крупка, Скобраўка і іншых — часта наведвалі камунараў, прыходзілі паслухаць радыё, паглядзець канцэрт мастацкай самадзейнасці. Ініцыятарамі цікавых спраў выступалі старшыня савета камуны Іосіф Жмырко, сакратар партыйнай арганізацыі Дзмітрый Федарынчык…».

Ганс пазнаёміў жанчын-чужаземак з многімі сялянамі. У хатах з земляной падлогай, як і ў багацейшых дамах, пісьменніца звярнула ўвагу на імкненне да ўтульнасці, добры густ гаспадароў. Сесіль уражваюць «сатканыя сялянамі вясёленькія, упрыгожаныя ружамі заслоны, што віселі на дзвярах, зялёна-блакітна-жоўтыя дываны ўласнай работы, што ўпрыгожвалі сцены, велічнае выражэнне твару Леніна, паказанага на партрэтах у юным і сярэднім узросце, партрэты гэтыя былі ўпрыгожаны вельмі дасканалай вышыўкай… Тут, у хатніх рамёствах, праявіўся прыроджаны геній народа, якога не змагла зламаць рабская праца на працягу многіх пакаленняў».

На наступны дзень вяскоўцы апрануліся ў святочнае адзенне, чым надзвычай уразілі англічанак. Асабліва — дзяўчаты, што прыйшлі дахаты з камуны ў яркіх блузах, з бліскучымі ўпрыгожаннямі ў валасах. Хлопцы фарсілі ў белых кашулях з сіняй і чырвонай вышыўкай. І бабулі ў гэты нядзельны дзень вызначаліся святочнасцю, павязаўшы хусткі, дзе па чорным фоне ішлі зялёны, чырвоны, блакітны і пунсовы колеры.

Пабывала Чэстэртон і ў вячэрняй школе, на свае вочы ўбачыла, як ліквідоўваецца непісьменнасць. У школе Сесіль праслухала па радыё «трансляцыю оперы з Берліна». Ганс, добраахвотны гід англійскай пісьменніцы, не толькі вадзіў па вёсцы, але і шмат расказваў як пра сённяшняе, пачатку 1930-х гадоў, жыццё, так і пра даўніну. Тлумачыў, што кулакі па-ранейшаму спрабавалі эксплуатаваць чужую працу, нажывацца на продажы прадукцыі гараджанам. Таму і неабходна праводзіць, маўляў, калектывізацыю, ліквідаваць кулацтва.

Прапанаваў Ганс спадарыні Чэстэртон наведацца і ў саўгас, на «дзяржаўную ферму». У саўгасе — пэўна, у Блоні? — пісьменніцы спадабалася болей. «У гаспадарцы мы агледзелі трактары і хлявы, а таксама невялікі малочны завод, падобны да таго, які мы бачылі ў выставачным павільёне. Усё было клапатліва дагледжана і акуратна адладжана».

Знаёмячыся з падарожнай кнігай Сесіль Чэстэртон, Адам Мальдзіс запісвае і наступнае: «Праз некалькі дзён Чэстэртон і Бані дабраліся да маленькага гарадка М. (хутчэй за ўсё Мар’інай Горкі), дзе пабывалі на «масавым камсамольскім мітынгу» (усе яго ўдзельнікі былі нібы «магнічаны» новымі ідэямі), назіралі цырымонію пахавання маладога вайскоўца. Пераначаваўшы ў мясцовай гасцініцы, яны рашылі прадоўжыць падарожжа ў Кіеў і ўселіся на цягнік, які ішоў на Бахмач».

Расказваючы падрабязна пра змест «беларускай» кнігі англійскай пісьменніцы, Адам Мальдзіс не знайшоў ніякіх звестак з біяграфіі аўтара падарожнага нарыса «Мае рускія прыгоды». Не было жыццяпісу літаратаркі і ў Брытанскай энцыклапедыі. Мо таму, задаецца пытаннем А. Мальдзіс, што яна з сімпатыяй пісала пра Савецкі Саюз? А магла ж напісаць «сенсацыйную» кнігу пра недахопы, многія заганы… Знайшоў Адам Восіпавіч у лонданскіх бібліятэках яшчэ дзве кнігі Сесілі Чэстэртон — «У самым змрочным Лондане» і «Жанчыны дна»… Але ж пісьменніца, якая спрычынілася ў 1930 годзе да Беларусі і Пухавіччыны, у прыватнасці, — асоба насамрэч дастаткова вядомая. Сапраўднае імя Міс Сесіль Чэстэртон — Ада Элізабет Джонс Чэстэртон (нарадзілася ў Лондане ў 1888 годзе). У 1916 годзе выйшла замуж за роднага брата Гілберта Кіта Чэстэртона (1879—1918), які быў яшчэ і біёграфам вядомага літаратара. А таксама напісаў манаграфію «Гісторыя ЗША» (выдадзена ў 1919-м), даследаванне «Партыйная сістэма» (1911). Досыць часта выступаў у перыядычным друку як палітычны аглядальнік і публіцыст, як гісторык літаратурных рухаў. Шкада, што пражыў усяго толькі 39 гадоў. Хто ведае, можа быць, і яшчэ паспеў бы напісаць не адну кнігу.

Аўтар унікальнай падарожнай кнігі «Мае рускія прыгоды» напісала ж такія работы, як «Святая Тэрэза» (1928), «Малады Кітай і новая Японія» (1933)… Сесіль Чэстэртон актыўна падарожнічала па свеце. Не баялася новых і невядомых дарог. Калі ў Кітаі збірала матэрыялы для новай кнігі, падрыхтавала шэраг інтэрв’ю. Сярод іх — і гутарка са славутым Чан Кайшы. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Сесіль працуе ў Жаночым англа-савецкім камітэце, які ў верасні 1941 года ўзначаліла Беатрыс Кінг. У 1942 годзе Сесіль Чэстэртон выдала кнігу «Прывітанне Саветам». Гавораць, што згадвала на яе старонках і сваё падарожжа 1930 года ў Беларусь і Украіну. Можа быць, нешта на гэтых старонках — і з памяці пра прыгожы і цікавы Пухавіцкі край?..

Алесь Карлюкевіч

Крыніца: Звязда

Прочитано 533 раз