Версия для печати

«Акрыленыя родным словам»: Сустрэча ў вечнасці  

  • Пятница, 09 июля 2021 19:59

13 ліпеня 2021 года ў Шчучыне, на Гродзеншчыне, пройдзе прэзентацыя кнігі «Акрыленыя родным словам», прысвечанай біяграфіям і творчасці беларускай паэтэсы Цёткі (Алаізы Пашкевіч) і класіка ўкраінскай літаратуры Лесі Украінкі. Аб’ядналіся на старонках кнігі, выдадзенай па-беларуску і па-ўкраінску, два вялікія таленты: Алаіза Пашкевіч, якую ў творчых памкненнях падтрымалі Львоў, Україна, і Лесі Украінкі, якая звязана з Мінскам, Беларуссю і праз лёс рэвалюцыянера Сяргея Мяржынскага, і многімі зваротамі беларускіх перакладчыкаў да яе творчай спадчыны.

Спярша гасцей чакаюць у Шчучынскай раённай бібліятэцы імя Цёткі ў Шчучыне па вуліцы Леніна, 50 на прэзентацыі самога выдання. Пачатак – а 11.30. Мясцовыя бібліятэкары падрыхтавалі і адмысловую экспазіцыю бібліятэчных рарытэтаў «Бліскавіца на небе Шчучыншчыны».

Затым ля помніка Алаізе Пашкевіч (Цётцы) пройдзе літаратурна-музычная імрэза «Яе жыццё жывое слова». Адбудзецца і ўзнагароджванне пераможцаў інтэрнэт-конкурса чытальнікаў твораў Цёткі.

А з 15.30 гасцей, удзельнікаў святочных мерапрыемстваў чакаюць у гарадскім пасёлку Астрына, дзе ў Астрынскай сярэдняй школе імя А. С. Пашкевіч (Цёткі) будзе магчымасць наведаць народны музей беларускай пісьменніцы. Пасля гэтага: яшчэ і наведванне радзімы Цёткі – вёскі Стары Двор і ўскладанне кветак на магілу легендарнай асобы ў гісторыі беларускай культуры, беларускага асветніцтва.

 

Сяргей Шычко

 

Прочитано 5634 раз