Воскресенье, 09 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Якуб Колас»: узбекскія старонкі будучай энцыклапедыі

  • Понедельник, 19 апреля 2021 18:49

У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» ідзе падрыхтоўчая праца над стварэннем персанальнай энцыклапедыі «Якуб Колас». Мяркуецца, што выданне будзе ў шасці тамах. 

Пакуль што папярэдне складзены слоўнік налічвае болей як 3000 артыкулаў. Энцыклапедысты сумесна з коласазнаўцамі, навуковай і творчай інтэлігенцыяй краіны звярнулі ўвагу на розныя аспекты жыцця і творчасці народнага песняра Беларусі. Мяркуецца, што будуць разгледжаны літаральна ўсе творы класіка беларускай нацыянальнай літаратуры. Звяртаецца ўвага на адрасы, звязаныя з Якубам Коласам, ‒ Мінск, Вільня, Цхалтуба, Масква, Тбілісі, Масква, Мозыр, Навагрудак, Кіеў, Мікашэвічы, Санкт-Пецярбург, іншыя гарады і многія вёскі, малыя паселішчы: Палачанка, Падбярэжжа, Новы Двор, Мікалаеўшчына, Балачанка, Талька, Вусце, Беразянка, Смольня, Акінчыцы, Новы Свержань... Улічаны, здаецца, усе адрасы, якія згадваюцца ў мастацкіх творах, багатай эпісталярыі Якуба Коласа. Улічаны, відавочна, і ўсе асобы, якія так ці іначай судакраналіся з аўтарам неўміручай паэмы «Новая зямля», твора, які ўжо сам па сабе з’яўляецца энцыклапедыяй беларускага народнага жыцця. Безумоўна, спрыянне ў стварэнні новага навукова-творчага праекта аказвае той трывалы грунт коласазнаўчых даследванняў, якія ажыццёўлены на працягу многіх дзесяцігоддзяў. Штогод у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа праводзяцца чытанні «Каласавіны». Выдадзена некалькі збораў твораў народнага песняра з навуковымі каментарамі. Апошні збор твораў Якуба Коласа склаў 20 тамоў.

Як вядома, у час Вялікай Айчыннай вайны народны песняр істотны перыяд ваеннага ліхалецця разам з сям’ёю правёў у эвакуацыі ва Узбекістане, у Ташкенце. Тут сустракаўся з калегамі па літаратурным цэху – узбекскімі пісьменнікамі і прадстаўнікамі навуковай і творчай інтэлігенцыі, якія патрапілі ў эвакуацыю з іншых гарадоў: найперш – з Масквы і Ленінграда. Энцыклапедысты пастараліся ўлічыць усе акалічнасці ўзбекскага жыцця Якуба Коласа, таго перыяду, у якім беларускі пісьменнік выявіў сябе як актыўны грамадскі дзеяч, палымяны публіцыст, настойлівы ў сваіх творчых памкненнях паэт, празаік.

У шасцітомнай энцыклапедыі знойдзецца месца артыкулам пра ваенную газету «Фрунзевец», якая знаходзілася ў Ташкенце па вуліцы Сапёрная, у якой друкаваўся з вершамі і артыкуламі, у рэдакцыю якой наведваўся Якуб Колас. Дарэчы, з гэтым выданнем звязаны і творчыя лёсы як штатных супрацоўнікаў і пазаштатных аўтараў творчыя, армейскія лёсы беларусаў Дзмітрыя Післякова, Васіля Ткачова, Аляксандра Ляўковіча, Алеся Карлюкевіча...У Ташкенце Якуб Колас быў знаёмы з узбекскім і савецкім дзяржаўным дзеячам Абдуджабарам Абдурахманавым (1907 – 1975), які ў 1938 – 1946 г. з’яўляўся старшынёю Саўнаркама Узбекскай ССР. Сярод узбекскіх пісьменнікаў, з якімі сустракаўся беларускі класік, якія перакладалі яго творы, ‒ Уйгун, Хамід Алімджан, Хаміль Якубаў, Каміль Яшэн, Зульфія, Мірмухсін, іншыя паэты і перакладчыкі. Кожнаму з іх прысвечаны асобныя персанальныя артыкулы.

Канешне ж, не будзе абыйдзена і тэма «Узбекская літаратура і Якуб Колас». А таксама – «Каракалпакская літаратура і Якуб Колас» (як вядома, Каракалпакстан уваходзіць ва Узбекістан).

У Ташкенце Якуб Колас сустрэўся з літаратуразнаўцам Сцяпанам Ліхадзіеўскім, ураджэнцам Случчыны, беларускім паэтам, які ў 1934 г. быў высланы ў Паўднёвы Казахстан, а напрыканцы 1930-х гг. асталяваўся ў Ташкенце, дзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па творчасці французскага пісьменніка Анатоля Франса. У сталіцы Узбекістана Я. Колас пазнаёміўся з рускай паэтэсай Святланай Сомавай, прысвяціў ёй свае паэтычныя радкі. Усё гэта, як сведчыць папярэдні слоўнік, і будзе адлюстраваны ў будучай персанальнай энцыклапедыі.

Нагадаем, што на працягу апошніх дзесяцігоддзяў у Беларусі (пачатак – у 1986 годзе) выйшла некалькі персанальных энцыклапедый. Яны прысвечаны Янку Купалу (спярша – аднатомнае выданне; затым – трохтомнае), Францыску Скарыну, Максіму Багдановічу, Уладзіміру Караткевічу. Цяпер – чарга за энцыклапедыяй «Якуб Колас», якая мяркуецца да выдання ў бліжэйшыя гады пры падтрымцы Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

 

Кастусь Ладуцька

Прочитано 627 раз