Версия для печати

Вяртанне Тодара Лебяды

  • Суббота, 19 июня 2021 22:37

Сяргей Чыгрын, якога па звычцы па-ранейшаму хочацца называць слонімскім краязнаўцам, у апошнія дзесяцігоддзі выяўляе сябе як руплівы, чулы збіральнік літаратурнай спадчыны многіх забытых пісьменнікаў Беларусі. Праца даследчыка, тэкстолага, збіральніка не абмяжоўваецца родным рэгіёнам. Хаця, несумненна, і Слонім, і Гродзеншчына даюць яму першаштуршок для будучых бязмежных і, здаецца, бясконцых пошукаў. Упэўнены, у распрацоўцы, з разлікам на перспектыўнае выданне кнігі ці нават кніг на рабочым стале, у дзеючым архіве, у папках, якія збіраюцца на будучыню,  у Сяргея Мікалаевіча шмат што ляжыць, назапашваецца. І прыйдзе час – да чытача патрапіць новая кніга: ці выключна аўтарская ці ўкладзеная беларускім гісторыкам літаратуры, якія жыве і працуе ў Слоніме, на Гродзеншчыне. Як прыйшла толькі што і кніга Тодара Лебяды «Плачуць ліпы на кургане: з творчай спадчыны» (Мінск: Кнігазбор, 2021. – 168 с.).

«Імя двойчы рэпрэсіраванага паэта, драматурга, празаіка і журналіста Тодара Лебяды (Пятра Шырокава, 1914 – 1970), які ўпершыню ў беларускай літаратуры смела і адкрыта паказаў жахі сталінскага тэрору, калектывізацыю, знішчэнне беларускай нацыі, вяртаецца з небыцця. Імя яго да 1990-х гадоў было забыта і выкрэслена з гісторыі беларускай літаратуры. Але час вяртае таленты на Беларусь. Вяртаецца паціху і творчасць Тодара Лебяды.

Ён любіў Беларусь, любіў свой родны горад Віцебск, якому прысвяціў безліч паэтычных радкоў:

Ёсць рэчка такая,

Лучосай завецца,

Над рэчкаю сад наш і дом;

Там спелыя вішні

Ружовым суквеццем

Схіляюцца ўніз

Над вадой…

У Віцебску 6 студзеня 1914 года і нарадзіўся Пятро Шырокаў…»

Друкавацца Тодар Лебяда пачаў у першай палове 1930-х гг. Спярша – у «Віцебскім рабочым», «Савецкай Беларусі», «Піянеры Беларусі»… Пісаў нарысы і вершы. У 1933 годзе паступіў у Мінскі педагагічны інстытут. У інстытуце пасябраваў з Уладзімірам Клішэвічам, Якубам Ермаловічам, Міколам Гваздовым, іншымі маладымі літаратарамі. Знаёміцца з дзяўчынай, якая была старэйшая за яго, – Басяй Цыпінай. У маладых людзей нараджаецца дачка. А ў хуткім часе Пятра Шырокава і яшчэ адзінаццаць студэнтаў інстытута абвінавацілі ў «буржуазным нацыяналізме». Арыштавалі і выслалі ў Новасібірскую вобласць. Сяргей Чыгрын у грунтоўным уступным артыкуле «Жыццёвы і творчы лёс Тодара Лебяды» падрабязна разглядае ўсе сцежкі-дарожкі літаратара.

У 1940 годзе – па хадайніцтве жонкі Басі Цыпінай – Пятра Шырокава і яго сяброў прывозяць у Мінск для «перагляду справы». З Мінска адпраўляюць у Чэрвень, дзе асуджаных і застае вайна. Тодар Лебяда разам са сваімі сябрамі апынуўся на волі. Гэты момант падрабязна адлюстраваны ў паэме другога вязня, а пазней беларускага эмігранта Масея Сяднёва «Мая вайна»: «І ўспомнілі мы, што болей/ канвою над намі няма,/ што сапраўды на волю / нас выпусьціла турма./ І хоць мы турму гнаілі,/ ды посьля пяцёх гадоў/ здавалася нам, наіўным, – / мы сталі студэнтамі зноў…»

Пятро Шырокаў дабраўся да роднага Віцебска, дзе жыла яго маці. У лісце да Сяргея Чыгрына дачка пісьменніка Ала Козел заўважае: «У гэты самы час мой бацька праз Оршу дабіраўся ў Віцебск да сваёй маці. Ён ужо звяртаўся ў ваенкамат з просьбай, каб накіравалі на фронт. Маўляў, такі вось я чалавек, іду з турмы, дакументаў няма. Хачу абараняць Радзіму. А яму ў адказ сказалі: «Нам такие не нужны!..» Запякло ў яго сэрцы: а каму ж патрэбны?..»

У кнізе Тодара Лебяды, якая толькі што пабачыла свет, сабраны яго паэтычныя творы – 30 вершаў, а таксама п’есы: «Загубленае жыццё», «Людзі ва Хрысце», «У нас, на Гродзеншчыне» (урывак). Асобным радзелам вылучаны лісты дачкі Тодара Лебяды Алы Козел да Сяргея Чыгрына. У час Вялікай Айчыннай вайны пісьменнік жыў у Віцебску, быў дырэктарам драматычнага тэатра, пасля – у Мінску. У 1944 годзе выйшаў яго паэтычны зборнік «Песьні выгнаньня». Калі немцы адступалі, пісьменнік разам з другой жонкай – артысткай Верай Жгут выехаў следам. Але праз некаторы час вяртаецца ў Беларусь. У маі 1947 года Пятра Шырокава арыштавалі. І ўжо вярнуўся з ГУЛАГа ён у Беларусь толькі ў 1960 годзе. Жыў у Слоніме, затым – у Чэрвені, са студзеня 1962 года. І ў Слоніме, і ў Чэрвені друкаваўся ў раённых газетах пад псеўданімам. Працягваў пісаць «у стол». У канцы 1962 года паехаў на Разаншчыну, дзе перанёс два інфаркты і памёр напачатку 1970 года.

Шмат што з жыцця пісьменніка, асабліва – у дачыненні да лёсу яго твораў, па ранейшаму невядома. Але Сяргей Чыгрын, правёўшы велізарную пошукавую працу, здолеў максімальна, наколькі гэта аказалася магчымым, вымаляваць партрэт забытага пісьменніка Тодара Лебяды. Магчыма, айчынныя літаратуразнаўцы пойдуць далей і спрычыняцца да разгляду творчай спадчыны Тодара Лебяды ў кантэксце ўвогуле літаратуры гэтага перыяду альбо падобнай праблематыкі.

А чытачу застаецца чакаць новых адкрыццяў, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменніка з няпростым лёсам.

Мікола Берлеж

Прочитано 7247 раз