Среда, 23 01 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сябры беларускай літаратуры. “Радок схіліўся вечным долам”: Гао Ман. Кітай.

  • Вторник, 25 декабря 2018 18:51
  • Автор  Созвучие

 

У кастрычніку 2017 года і ў Беларусь прыйшла журботная вестка – памёр кітайскі перакладчык і мастак-каліграф Гао Ман (нарадзіўся ў Харбіне ў 1926 годзе). Яго добра ведалі ў Расіі. Гао Ман вядомы і ва Украіне як перакладчык Тараса Шаўчэнкі… Найперш – паэмы “Кацярына”. А вытокі перакладчыцкай работы Гао Мана (у яго ёсць яшчэ адно прозвішча – У Ланьхань), маладога чалавека, які рускую мову, ды і ўрокі жывапісу таксама, атрымаў у творчай рускай інтэлігенцыі, якая знаходзілася ў Харбіне ў эміграцыі, -- пераклад пастановы ЦК Усесаюзнай Камуністычнай партыі (бальшавікоў) “Аб часопісах “Звезда” і “Ленинград”.

Памятаеце?.. 14 жніўня 1946 года нарадзіўся такі “легендарны” дакумент як пастанова пра ленінградскія літаратурныя часопісы... Вялікую рускую паэтэсу Ганну Ахматаву абвінавацілі ў тым, што яна з’яўляецца “тыповай прадстаўніцай чужой нашаму народу пустой безыдэйнай паэзіі”. У такое сёння проста паверыць немагчыма!.. Пройдуць гады – і Гао Ман, зразумеўшы многія сапраўдныя каштоўнасці, прайшоўшы праз высылку ў час “культурнай рэвалюцыі”, выправіць сваю “памылку”, зробіць выдатны пераклад паэмы Ганны Ахматавай “Рэквіем”. Дарэчы, за гэтую перакладчыцкую працу Гао Ман будзе адзначаны прэстыжнай расійскай прэміяй. І, як мастак-каліграф, жывапісец, ён яшчэ напіша шмат розных партрэтаў вялікай рускай паэтэсы. Я некалькі разоў сустракаўся з перакладчыкам у Кітаі, тройчы быў у гасцях у яго пекінскай кватэры, запоўненай кнігамі на розных мовах. Трымаю ў памяці яго расповяд пра тое, як у Расіі, ноччу, на таксі ён дабіраўся да Камарова, каб зірнуць на магілу, на месца апошняга прытулку Ганны Ахматавай на свае вочы…

У Гао Мана – сваё ўласнае прыцягненне і да беларускай нацыянальнай літаратуры. Яшчэ ў 1957 годзе наш кітайскі сябра працаваў перакладчыкам дэлегацыі савецкіх пісьменнікаў, у складзе якой патрапіў у Паднябесную і наш Максім Танк. А пазнаёміўся з Максімам Танкам кітайскі перакладчык яшчэ раней, калі прыехаў у Савецкі Саюз, у Мінск, – у 1956 годзе. Тады, дарэчы, госць з Паднябеснай наведаўся і ў майстэрню беларускага скульптара народнага мастака СССР Заіра Азгура. Сустрэчу са знакамітым скульптарам запомніў на ўсё жыццё…

У 1958 годзе ў Пекіне выйшла невялікая, але досыць ёмістая, насычаная, кніга выбранай паэзіі Максіма Танка ў перакладах Гэ Баоцюаня і Гао Мана – У Ланьханя.

Многія гады кітайскі перакладчык працаваў у часопісе “Сусветная літаратура”, які выдавала Акадэмія грамадскіх навук Кітая. І, канешне ж, стараўся быць уважлівым і да беларускай літаратуры. З дзённікавых запісаў народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна вынікае, што свой верш “Смакую віно, якое любіў Ду Фу” (ідэя твора прыйшла беларускаму паэту ў час вандроўкі ў Кітай) беларускі мастак слова прысвяціў Гао Ману. Значыць, сустракаліся. Гэта мне паспеў пацвердзіць і сам Рыгор Іванавіч…

Я надгубіў віно,

Якое піў Ду Фу,

І закусіў развараным бамбукам,

Але не бачыў дно

І завершаць страфу

Даверыў вераснёўскім сумным гукам.

 

Як цёплы сырадой,

Адстоены, густы,

Бялелася віно

Ў кілішку кволым.

І ўзняўся мой настрой

Да горнай вярсты,

Радок схіліўся перад вечным долам.

У 1990 годзе ў Пекіне ў перакладзе Гао Мана выйшлі “Цынкавыя хлопчыкі” Святлана Алексіевіч. Яшчэ задоўга да таго часу, калі наша суайчынніца стала лаўрэатам Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Гэта была ці не першая кніга С. Алексіевіч, выдадзеная ў Кітаі…

У 2011 – 2016 гадах мы досыць часта ліставаліся з Гао Манам. Я раіўся з ім адносна арганізацыі розных перакладчыцкіх клопатаў, кансультаваўся па публікацыі тых ці іншых класічных твораў з літаратуры Кітая. Складвалася ўражанне, што кітайскі перакладчык мае дачыненне да ўсіх постсавецкіх літаратур. Дарэчы, Гао Ман – яшчэ і аўтар партрэтаў беларускіх пісьменнікаў: Якуба Коласа, Янкі Купалы, Васіля Быкава, Максіма Танка, Алеся Адамовіча, Святланы Алексіевіч… Ужо ў 2011 годзе кітайскі каліграф намаляваў партрэт беларускага паэта Навума Гальпяровіча. І невялікі верш яму прысвяціў. Па просьбе мастака і перакладчыка я дасылаў Гао Ману фотаздымкі могілак, дзе быў пахаваны Максім Танк, фотаздымкі самой магілы. Гао Ман збіраўся намаляваць карціну ці малюнак на гэтую тэму…

У апошнія гады жыцця да Гао Мана часта наведваліся беларускія журналісты, пісьменнікі: Навум Гальпяровіч, Аляксей Чарота, Інэса Плескачэўская, Дар’я Нечыпарук, Вольга Гальпяровіч… Пра кітайскага сябра беларускай літаратуры з’явілася шмат публікацый у беларускай перыёдыцы – на старонках газет і часопісаў “Звязда”, “Полымя”, “Беларусь”, “СБ. Беларусь сегодня”, “Голас Радзімы”, “Маладосць”… Газета “Літаратура і мастацтва” надрукавала пераклад невялікага артыкула Гао Мана пра беларускага кніжнага графіка народнага мастака Беларусі Георгія Паплаўскага. У невялікай мінскай кнігарні “Кніжны салон” па вуліцы Калініна, 5 была наладжана вечарына ў знак Гао Мана. Яго імя згадвалася і на сустрэчах, вечарынах, якія праходзілі на іншых культурных, адукацыйных пляцоўках. Як, напрыклад, -- на вечарыне ў гонар кітайскага паэта-класіка Лі Бо ў сталічным Доме дружбы.

Прыкладаў такой руплівасці з кітайскага боку ў дачыненні да беларускай літаратуры няшмат. Усплеск перакладчыцкай увагі з кітайскага боку быў у 1950-я – на пачатку 1960-х… Тады ў Паднябеснай пабачылі свет кнігі Янкі Купалы, Якуба Коласа, Кандрата Крапівы, Аркадзя Куляшова, Янкі Маўра, Янкі Брыля, Паўла Кавалёва, Петруся Броўкі… Пасля – правал. Хіба што яшчэ выдавалі Васіля Быкава, Івана Шамякіна (ці не дзесяць яго раманаў, аповесцяў перакладзены на кітайскую мову?!). А таксама пераклалі “Блакадную кнігу” Алеся Адамовіча і Данііла Граніна, “Я з вогненнай вёскі” А. Адамовіча, Я. Брыля, У. Калесніка. Цяпер вось выдаюць актыўна творы Святланы Алексіевіч. Ці будзе новы ўсплеск перакладчыцкай актыўнасці ў дачыненні да беларускай паэзіі і прозы? Ці з’явяцца прыязныя да нас асобы перакладчыкаў кшталту Гао Мана?.. Станоўчыя адказы на гэтыя пытанні залежаць у значнай ступені і ад нас саміх, беларусаў, ад нашага жадання расказаць свету пра родную беларускую літаратуру. Сёння перакладчыцкія стасункі хутчэй, болей інтэнсіўна развіваюцца ў тым выпадку, калі прычынай іх становіцца звычайнае сяброўства, калі перакладчыкі знаёмяцца на сустрэчах, фестывалях, рознага кшталту міжнародных імпрэзах. Дырэктывы адносна развіцця дружбы сёння не спрацоўваюць. Увесь свет пачынае жыць у сістэме рэальных каардыянат. Гэта, відавочна, датычыцца і беларуска-кітайскіх літаратурных, культурных адносін.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 12 раз Последнее изменение Вторник, 25 декабря 2018 18:51
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии