Пятница, 21 09 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Святлана Алексіевіч: Алесь Адамовіч вучыў мяне мысліць

«Звязда» працягвае друкаваць матэрыялы ў падтрымку адкрыцця музея «Вайна пад стрэхамі», прысвечанага Алесю Адамовічу і яго творчасці, у пасёлку Глуша Бабруйскага раёна.

Нобелеўская лаўрэатка матэрыяльна падтрымала ідэю аб стварэнні музея.

Сусветна вядомая пісьменніца рэдка бывае дома. Цяпер яна зноў працягвае свой тур па замежных краінах. Але перад сваёй паездкай у Германію Святлана Алексіевіч не адмовіла карэспандэнту «Звязды» пагутарыць на тэму стварэння музея. А заадно падзялілася сваімі ўспамінамі пра Алеся Адамовіча.

— Я ведаю, што існуе мэта стварыць музей, і я падтрымліваю гэтую ідэю, — кажа яна. — У мяне быў цяжкі год, шмат паездак, але я заўсёды трымала ў свядомасці, што павінна ў гэтым удзельнічаць. Я ахвярую пяць тысяч долараў, ва ўсякім разе хоць пачнуцца будаўнічыя работы. Калі б кожны з нас, у каго грошай болей, чым у іншых, мог нешта зрабіць для памяці вялікага пісьменніка, мы б жылі зусім інакш. Мы чакаем нейкіх патуранняў дзяржавы, а дзе мы? Чаму мы нічога не робім самі? Гэтаму нам трэба вучыцца ў той жа Еўропы. Там, напрыклад, у месцы, дзе жыў пісьменнік, нават малавядомы, абавязкова адкрыюць музей і паставяць яму помнік. Там усё робіцца для захавання яго памяці, і нават у школах пра гэта гавораць. Ёсць такая культурная пераемнасць. Мы ж недаацэньваем, што такое памяць, што такое вялікі чалавек у нашай культуры.

Але нягледзячы на тое, што мы жывём у такі прамежкавы час, калі планка культурнага жыцця знізілася і ўсю прастору запоўніла матэрыяльная частка, калі людзі занятыя выжываннем, нейкімі матэрыяльнымі рэчамі, усё роўна трэба заставацца людзьмі, трэба назапашваць, як той казаў, айсберг культуры. Жыццё складаецца не толькі з матэрыяльных рэчаў, чалавекам чалавека робіць культура. Трэба чытаць эсэ Адамовіча, яго артыкулы, каб «пашырыць мазгі».

Патрэбны нейкі спіч да багатых людзей. Сёння яны наб'юць кішэні, а іх дзеці, нават калі паедуць вучыцца ў іншую краіну, усё роўна застануцца грамадзянамі гэтай краіны. Таму трэба думаць пра радзіму. Хоць бы адну-дзве справы зрабіце не толькі для сябе, але і для краіны.

— Наколькі вам блізкая тэма Адамовіча і наогул гэты пісьменнік?

— Адамовіч — гэта мой настаўнік. На маю думку, Адамовіч — самы інтэлектуальны чалавек у нашай літаратуры, ва ўсялякім разе я вельмі рада, што ён паставіў мне, вобразна кажучы, машыну мыслення, у яго я вучылася шматлікім рэчам.

— А якім вы запомнілі Адамовіча? Можа, узгадаеце нейкі эпізод?

— Алесь Адамовіч быў дзіўны чалавек. Мы пазнаёміліся, калі выйшла кніга «Я з вогненнай вёскі». Я якраз працавала ў «Сельскай газеце», і мне далі заданне зрабіць з ім інтэрв'ю. Я патэлефанавала дамовіцца аб сустрэчы і зусім нечакана пачула: добра, я да вас забягу. А я думала, што ён, такі мэтр, запросіць кудысьці прыйсці. Ён сапраўды забег у рэдакцыю пасля абеду, і мы з ім пагутарылі. Праз некаторы час перадала яму інтэрв'ю, ён прачытаў і прызнаўся: «Я калі ўбачыў вас, такую маленькую, падумаў: ну што гэта дзяўчынка напіша? Вазьму ўсё і перапішу». Але інтэрв'ю яму спадабалася. З тых часоў мы сталі сябраваць. Гэта былі ўрокі духоўныя. Ён не вучыў мяне пісаць, ён вучыў мяне мысліць. Гэты чалавек вельмі паўплываў на мяне.

— І які ўрок быў самым важным?

— Духоўная асоба складаецца з агульнага поля, агульных уражанняў, яна больш моцная. А вось тое, што я не змагу рабіць так, як ён, — гэта яго дэмакратычнасць. Яму мог патэлефанаваць нейкі малады рэжысёр, і ён бег глядзець зусім нікому не вядомых дзяцей дзесьці на новабудоўлі. У яго кабінеце заўсёды было ўсё завалена, ён чытаў нейкія рукапісы. У гэтым плане ён быў зусім безадмоўным. Гэта дэмакратычнасць таксама для мяне вялікі ўрок.

Нэлi Зігуля

Крынiца: Звязда

А мы нагадваем: дабрачынны рахунак для збору сродкаў на рэканструкцыю будынка пад музей Алеся Адамовіча адкрыты пры аддзеле ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Бабруйскага райвыканкама, р/р 3642129272326 у філіяле 703 ААТ «ААБ Беларусбанк», код 760 г. Бабруйск, УНП 701226324. Прызначэнне плацяжу «Для вырабу праектна-каштарыснай дакументацыі і рэканструкцыі будынка ў пасёлку Глуша пад музей А. Адамовіча».

Падтрымаем добрую ініцыятыву!

Прочитано 805 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии