У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылася сустрэча, прысвечаная 175-годдзю з дня нараджэння класіка казахскай літаратуры Абая Кунанбаева. Арганізатар — Пасольства Рэспублікі Казахстан у Беларусі.
Мерапрыемства адкрыла першы сакратар дыпламатычнага прадстаўніцтва Айгуль Аспандзіярава і распавяла аб святкаванні юбілею слыннага земляка. Выступіў старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СПБ, паэт, празаік, перакладчык, лаўрэат Нацыянальнай літаратурнай прэміі Беларусі Міхась Пазнякоў. Ён расказаў аб значэнні творчай спадчыны знакамітага казахскага акына, які з’яўляецца гонарам не толькі казахскай, але і сусветнай літаратуры. Погляды класіка, яго павучанні аб мацаванні адзінства народа, любові да Радзімы, справядлівасці і стваральнасці, захаванні міру і сяброўскасці актуальныя і сёння.
М. Пазнякоў таксама прэзентаваў першы том рамана-эпапеі Мухтара Аўэзава «Шлях Абая», які знаёміць з жыццёвым і творчым лёсам выдатнага паэта і мысляра, і расказаў пра асаблівасці яго перакладу на беларускую мову.
Слова меў паэт і перакладчык, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы Мікола Мятліцкі. Ён гаварыў аб велічы Абая, яго ўнёску ў сусветную культуру, а таксама аб сваёй працы над перакладамі кнігі вершаў Абая і прачытаў асобныя з іх, прадэманстраваўшы годнае гучанне паэзіі вялікага казаха на нашай роднай мове.
Павел Кузьміч, фота аўтара
Крыніца: Літаратура і мастацтва