Падведзены вынікі за 2020 год у галіне айчыннага кнігавыдання. Усяго за мінулы год да чытача прыйшлі кнігі і брашуры 8 205 назваў на беларускай, рускай і іншых мовах.
У якасці кнігавыдаўцоў зарэгістравана 523 суб’екты гаспадарання. Але не ўсе з іх ажыццяўлялі выдавецкую дзейнасць у 2020 годзе, а ўсяго толькі 291 суб’ект. Альбо – 55,6 працэнтаў з ліку зарэгістраваных. У 58 выдавецтваў зафіксаваны выпуск толькі аднаго выдання.
Лідарамі, якія выпусцілі 131 і болей назваў, з’яўляюцца дзесяць выдавецтваў. На першым месцы – «Аверсэв» (482 назвы кніг і брашур агульным накладам 4 мільёны 825 тысяч 500 экзэмпляраў. На другім ‒ «Попурри» (328 назваў). На трэцім – ААТ «Выснова» (269 назваў). Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт выпусціў кнігі і брашуры 238 назваў. «Колорград» – 213 назваў (праўда, агульны наклад – усяго толькі 28,8 тысяч асобнікаў). Далей ідзе Нацыянальны інстытут адукацыі з 160 назвамі. Следам – выдавецтва «Народная асвета» (156 назваў) з тыражом 858,7 тысяч экз. У дзясятку ўвайшлі і Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт – 146 назваў, «Беларуская навука» – 136 назваў, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт – 131 назва.
Сяргей Шычко