Імя Наталлі Бучынскай добра вядома аматарам сучаснай беларускай казкі, а героі яе кніг любімыя чытачамі. Пацверджаннем гэтаму з’яўляецца прэмія ББА (Беларускай Бібліятэчнай Асацыяцыі) «Пяцёрка лепшых кніг», якой пісьменніцу ўганаравалі ў 2014 годзе – гэта прэмія даецца аўтарам тых кніг, якія чытачы запытвалі найчасцей.
У выдавецтве «Беларусь» выйшла яшчэ адна цудоўная казка Наталлі Бучынскай «Прынцэса Алівія і "жабіны вочкі"». Ахвотных набыць кнігу ў хатнюю бібліятэку просім паспяшацца, бо выдавецтва ўжо распрадало большую частку накладу, а яго рэшткі можна знайсці ў крамах сеткі «Белкніга».
Выданне невялікае па памеры, яго зручна ўзяць з сабой у дарогу, каб пачытаць з дзіцем. Чароўную казку ўдала дапаўняюць малюнкі мастачкі Рымы Кульба, выкананыя з дабрынёй і гумарам, а загадкавыя «жабіны вочкі» патрабуюць разгадкі! Што за яны? Расказаць пра сябе, сваіх новых герояў і падзяліцца гісторыяй напісання казкі мы прапанавалі аўтарцы.
– Спадарыня Наталля, ці марылі Вы самі стаць прынцэсай у дзяцінстве?
– Мне здаецца, што прынцэсамі і цяпер мараць стаць многія дзяўчаткі. Я не была выключэннем. Мары спраўджваюцца: раз на год я ўжываюся ў гэты вобраз зноў, і мы ідзём на Навагодні баль у Оперны тэатр. Гэта ўжо стала прыгожай сямейнай традыцыяй. Можна танчыць амаль да раніцы паланэз, вальс, контрданс. Можна вывучаць бальны этыкет ці ўдзельнічаць у конкурсах, слухаць цудоўныя музычныя нумары. Дзякуючы творчай фантазіі арганізатараў казачнае дзейства балю штораз непаўторнае.
– Ці даводзілася Вам лавіць жабак, як гэта робіць галоўная гераіня Вашай казкі?
– Не, я назірала за жабкамі здалёк! Але неяк увесну настаўнік павёў наш клас у лес. На зваротным шляху аднакласнік, упаляваўшы жабку, усадзіў яе мне на галаву. Хто напалохаўся больш, не ведаю. Думаю, жабцы таксама хапіла!
– Жабка ў вобразе чараўніцы сустракаецца ў казках нярэдка…
– Так. Давайце ўзгадаем, што ў беларусаў і іншых славянскіх народаў жаба лічыцца хтанічнай, гэта значыць звязанай з сілай зямлі істотай. А пераўтварэнні казачных герояў з жабкі ў чалавека і назад вядомыя не толькі ў нашых казках. Вось і ў мяне правадніком у казачны свет стала жабка, падарыўшы гераіні магчымасць спраўдзіць сваю мару.
– Якое месца «Прынцэса Алівія» для Вас заняла сярод усіх Вашых кніг?
– Я ўпершыню паспрабавала новы для сябе прыём. Для рэалізацыі задумкі гэтай казачнай гісторыі мне патрэбна была дадатковая прастора. Таму я звярнулася да прыёму змяшэння рэальнасці і сну.
– Вы любіце ўносіць пазнавальны складальнік у свае творы. Што ў гэтай казцы павінна «асесці» у галовах дзяцей ведамі пра акаляючы свет?
– Я спадзяюся, што запомніцца згадка пра цёзку галоўнай гераіні – Зоську Верас як аўтара «Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка», які выйшаў у 1924 годзе. Тым больш што галоўная інтрыга казкі паходзіць якраз з гэтага слоўніка.
– Кніга ўжо мае сваіх чытачоў, сваіх прыхільнікаў. Для Вас яна завершаная?
– Тэма казкі працягвае раскрывацца перада мной. Адчуваеш сапраўдную ўзрушанасць, калі створаныя табой героі пачынаюць падказваць працяг сваіх гісторый. Яны патрабуюць дакладнага разумення іх сутнасці. Над гэтым зараз і працую: пішу працяг казкі. Мая новая кніга чакаецца гэтай восенню.
– Ці ёсць у галоўнай гераіні Зоські-Алівіі правобраз?
– Вобраз Зоські-Алівіі сабраўся, як мазаіка, з маіх знаёмых Зосек. Вялікіх і маленькіх. Нехта натхняў мяне сваім трапным слоўцам, нехта – мудрасцю, а нехта прыгажосцю. Таму гэта гісторыя – прывітанне кожнай з іх.
– Мне падалося, што галоўная думка Вашай казкі – не забыцца на тое, хто ты ёсць на самой справе, і быць верным самому сабе… Так ці не?
– Вядома! Варта імкнуцца спраўджваць свае мары, але пры тым падтрымліваць у сабе лепшае, што ўжо закладзена. Дзеці яшчэ вызначаюцца, яны пакуль толькі прыглядаюцца да сябе, да свету. Праз штодзённае адчуванне падзей, уражанняў, падчас гульні. Яны шукаюць свае шляхі. Але адчуванне любові і абароненасці патрэбнае ўсім. Я хацела падкрэсліць важнасць простых момантаў, якія могуць стаць прычынай сапраўднага шчасця. Зоська-Алівія спраўдзіла сваю мару, але магчымасць вяртання ў звычайны свет стала для яе куды больш каштоўнай падзеяй.
– Якія яшчэ маральныя каштоўнасці, на Ваш погляд, трэба «закладваць» у душы дзяцей?
– Трэба з павагай ставіцца да тых, хто побач, разумець важнасць свабоднага выбару кожнага, умець лічыцца з іншадумцамі. І – АБАВЯЗКОВА – старацца не дапускаць падмены паняццяў дабра і зла. Інакш свет стане з ног на галаву.
– Вы нарадзіліся на поўначы Беларусі, на самай мяжы з Латвіяй, у мясціне з таямнічай назвай Ідолта. Раскажыце пра сваю радзіму.
– Мае родныя мясціны вельмі маляўнічыя. Пра прыгажосць фальварка Ідолта-Мілашова можна расказваць доўга. І пра Ідолцкае возера, паабапал якога і месціцца фальварак. Гэта цэлая асобная тэма. У былым панскім доме акрамя саўгаснай канторы і клуба знаходзілася і бібліятэка. Я праводзіла там шмат часу. Дом тады бялілі вапнай і нейкі жартаўнік над прыступкамі ў склеп сажай намаляваў чорную лапу. Я цвёрда верыла, што гэта адбітак рукі Бабы-Ягі. Таму магу адразу сказаць, што прастору я абжывала зыходзячы з міфалагічнага светаўспрыняцця.
– Вы дачка настаўнікаў. Ці дапамог іх прафесійны і жыццёвы досвед Вам у станаўленні як аўтаркі?
– Мама з татам – настаўнікі беларускай і рускай мовы і літаратуры. Кніга ў нас заўсёды была і асаблівай радасцю і самым годным падарункам. Бацькі знаходзілі час, каб адкрываць і ствараць для нас, дзяцей, казку ў жыцці. Я памятаю, як мы разам рабілі карнавальныя касцюмы на навагоднія святы. Думаю, такі пасыл бачыць вакол казку спрыяў таму, што ў сям’і выраслі дзве пісьменніцы-казачніцы. Мая старэйшая сястра – Алена Масла – вядомая казачніца, даследчыца дзіцячай літаратуры і «рухавік» казачнага прагрэсу. Бо большасць незвычайных падзей у жыцці пачынаецца з яе апантанасці казкай: ад пабудовы яшчэ ў дзяцінстве печы, не горшай, чым у Ямелі, да стварэння ўжо ў сталым узросце арт-студыі «Казка»…
– Якія дзіцячыя кніжкі Вам запомніліся са свайго дзяцінства?
– Беларускія народныя казкі, казкі народаў свету, казкі Братоў Грым, Шарля Перо, Х-Х. Андэрсэна, «Сярэбраная табакерка» Змітрака Бядулі, «Мурашы не здаюцца» Андржэя Секоры, «Гэй, хавайцеся!» Казіса Саі, «Прыгоды ў Цюцюрлістане» Войцеха Жукроўскага, «Чараўнік Ізумруднага горада» Аляксандра Волкава, «Аліса ў краіне цудаў» Льюіса Кэрала, казкі Туве Янсана з яго героямі Мумі-дола. Я вельмі радуюся, калі ўдаецца аднавіць у памяці нейкую забытую любімую кнігу. Хаця я ўжо спасцігла мудрасць, што не заўсёды трэба перачытваць кнігі, любімыя ў дзяцінстве.
– У якім узросце Вы пачалі пісаць?
– Першую казку я напісала ў 8 гадоў. На сустрэчах дзяцей вельмі ўражвае, што мой першы пісьменніцкі досвед амаль заўсёды супадае з іх узростам. Пасля я час ад часу звярталася да казак, калі мяне не вельмі захапляла тэма сачыненняў, напрыклад. А ў 7-м і 8-м класе я замахнулася на навагоднія п’есы і нават арганізавала з аднакласнікамі іх пастаноўкі. Пасля нешта пісалася ў старэйшых класах, у студэнцтве. Першая публікацыя маёй казкі была ў раённай газеце «Сцяг працы», калі мне было 16 гадоў.
– Як хутка ў Вас нараджаюцца ідэі для кніг?
– Вельмі па-рознаму. Самае цікавае, што хуткасці нараджэння часам спрыяе нораў героя. Некаторыя павольненька прабіраюцца на свет, не вымагаючы кідаць усё і займацца толькі імі. Іншыя патрабуюць увагі ад самага першага імпульса і да апошняй кропкі.
– Дык а што за «жабіны вочкі», адкрыйце сакрэт!
– Сакрэт адкрыецца дапытлівым чытачам, якія разам з героямі кнігі адолеюць усе выпрабаванні. Таму запрашаю чытаць «Прынцэсу Алівію…»
– Дзякуй Вам, Наталля! Зычым далейшых творчых поспехаў!
Гутарыла вядучы рэдактар выдавецтва «Беларусь» Алеся Коршак
Крыніца: выдавецтва «Беларусь»