Вторник, 01 12 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Шурпатымі далонямі падымае чарку хлебароб…

  • Пятница, 09 октября 2020 12:22
  • Автор 

Не хвалюйцеся, цнатліўцы! Гэта — не заклік да алкагольнай прапаганды. Што прапагандаваць тое, чаго і без гэтага дастаткова ці нават звышдастаткова. П’юць у нас, як ні круці, многа. А радкі, што прывёў вышэй — з даўняй публікацыі ў Пухавіцкай раённай газеце (тады яна называлася іначай — «Сцяг працы»), з даўняга верша Міколы Мішчанчука, надрукаванага ў святочным нумары — ад 1 студзеня 1965 года. Лічы, больш як паўвека таму…  

Новы год! Шурпатымі далонямі

Падымае чарку хлебароб.

Новы год! Паэт з сівымі скронямі

ў роздуме маршчыніць чысты лоб, —

пісаў аспірант Мінскага педагагічнага інстытута М. Мішчанчук. Верш так і называўся — «Навагодняе». А як жа было не пажадаць добрых слоў землякам!.. Тут, на Пухавіччыне, Мікола закончыў школу. Тут авалодаў роднай беларускай мовай. 2 лютага «раёнка» ізноў дала слова паэту — быў надрукаваны верш аспіранта «Зімовы малюнак»: «Вецер звоніць на цымбалах // У зімовым лесе, // Сэрца кратае запалам // Срэбрагучных песень». 9 сакавіка 1965 года М. Мішчанчук выступае ў чарговым выпуску «Літаратурнай старонкі» з вершам «Рахунак».

… Гартаючы падшыўку раённай газеты, седзячы ва ўтульнай чытальнай зале Пухавіцкай раённай бібліятэкі, наўмысна рабіў гэтыя выпіскі, каб перадаць аўтару, каб нагадаць яму пра многае, а галоўнае — каб запрасіць Мікалая Іванавіча на сустрэчу з чытачамі-землякамі. Мы часта ліставаліся з прафесарам, доктарам філалагічных навук Мікалаем Іванавічам Мішчанчуком, які ўжо даўно асеў у Брэсце, ды шмат сіл, старанняў укладваў у выхаванне новага пакалення філолагаў у старадаўнім Бярэсці, на Берасцейшчыне. Паважанаму земляку, колішняму выпускніку Суцінскай сярэдняй школы, я і сваю кнігу па літаратурнай гісторыі Пухавіччыны «І марам волю дам» даслаў аднаму з першых. Цікава было ведаць яго, паважанага і аўтарытэтнага даследчыка, меркаванні, мець ад яго падказкі. Мікалай Іванавіч прачытаў уважліва, выказаў шмат цёплых слоў. Ды іх успрымаю авансам. Бо і ў літаратурным краязнаўстве Пухавіччыны яшчэ хапае «белых плям». Ад Міколы Мішчанчука даведаўся і нязнанае дагэтуль: з Пухавіцкім краем, Мар’інай Горкай звязаны жыццёвы лёс Алеся Дудара. Дык гэта ж — легенда беларускай паэзіі!.. Акрыленая рэвалюцыяй, яго творчасць была для многіх першапраходцаў беларускай савецкай паэзіі арыенцірам, трывалым апірышчам у руху наперад…

Былі думкі і сустрэцца ў Брэсце, наведацца да Мікалая Іванавіча, які перанёс інфаркт. А як не сустрэцца, калі ў сакавіку (я гляджу на дату і сам шукаю нейкую містыку ў страшнай і для мяне лічбе «17»: дзень страт, бядотаў: 17 снежня, 17 красавіка, яшчэ амаль трагедыя ў самы пярэдадзень — 16 кастрычніка, за тры-чатыры гадзіны да 17-га…), 17 сакавіка 2012-га, брэсцкі прафесар падпісаў мне адразу некалькі сваіх кніг. Прывяду гэтыя дарагія сэрцу аўтографы. На кнізе вершаў «Трывожуся за белы свет»: «Дарагому Алесю Карлюкевічу — Светламу і Шчыраму Чалавеку. Крануты Высокай Тваёй дабрынёй, што ўнесла ў сэрца маё супакой. Дабра і Шчасця Табе, шаноўны Алесю!..» На манаграфіі «Класіка — сучаснасць — перспектывы: пра літаратурны працэс ХХ стагоддзя»: «Дарагому Алесю Карлюкевічу на Добрую Памяць. Шаную! Паважаю! Веру і Верую! Ёсць чалавечнасць на Зямлі!..» На зборніку вершаў, паэм і перакладаў «Струна надзеі»: «Шматшаноўнаму Алесю Карлюкевічу — аднадумцу, земляку-пухаўляніну, патрыёту роднага кутка, з якога пачынаецца Радзіма, слаўнаму і шчыраму чалавеку. Хай Бог беражэ Цябе ад усіх трывог, дарагі! Заўсёды Твой…» Можа, і нясціпла выпісваць гэтыя цёплыя, добрыя для мяне радкі… Але і не выпісваць не магу, хаця б ужо таму, што павінен наўздагон Мікалаю Іванавічу (а ён у 2012 годзе і памёр, пайшоў ад нас, жывых, у свет лепшы, далёкі і вечны) выказаць публічна, шырока і ўслых: «Дзякуй, Мікалай Іванавіч! За добрыя словы — дзякуй, за добрае, цёплае стаўленне — дзякуй! І за тое, што Вы былі шчодрым і шчырым земляком, якім і цяпер застаецеся ў маёй памяці!..»

…І адтуль, з Берасця, ён цягнуўся да роднай Мішчыны, да Пухавіччыны, да памежжа са Старадарожчынай… Да памежжа, якое на шляху з Мар’інай Горкі да Старых Дарог, можна назваць шырокім літаратурным трактам. Бо гэтыя ж мясціны добра знаёмыя цэламу атраду пісьменнікаў неардынарных, уважлівых да роднага слова, чуйных да фальклору, да народнай песні. А гавару я пра Міхася Пянкрата, Кастуся Цвірку, Ларысу Кароткую… Адсюль, з памежжа, — і «сюжэты» некаторых вершаў Мікалая Іванавіча.

І зазвінела песня ў лесе.

І, вырваўшыся на прастор,

На крылах радасці узнеслася

Да самых зор, да светлых зор.

І я стаяў зачараваны

Крануцца з месца ўсё не мог,

Той песняю закалыханы,

Спавіты з галавы да ног.

Што мне былі сягоння травы,

Пракосаў нерухомы пляц —

Маім жыццём, маёй дзяржавай

Зрабіўся песенны палац.

…А мяне ўсё цягне ў той 1965 год, пра які я так і не распытаў у Мікалая Іванавіча. Не паспеў распытаць… Уяўляю, бачу яго маладым, юным аспірантам. Ведаю, што тады ўжо ён быў жанатым. Ведаю, як спяшаўся ў суцінскія ваколіцы, да маці, да цешчы. На сенакос, на бульбу… Як слухаў не толькі спевы, але з якімі адкрытымі памкненнямі ўбіраў у сябе вясковае жыццё, звычайны побыт. Мо таму і шмат радкоў тады нараджалася ў будучага прафесара пра сялянскую працу. 17 чэрвеня 1965 года «Сцяг працы» надрукавала верш аспіранта «Хлебаробу». Мяркую, што тыя публікацыі мелі для Міколы Мішчанчука асаблівае значэнне. Ён толькі пачынаў друкавацца — з рэцэнзіямі, артыкуламі, толькі пачынаў навуковую работу. А дома, на Пухавіччыне, меў магчымасць адпачыць і з вершам, паспрабаваць свае сілы ў паэтычных вышуках. Публікацыі бачылі школьныя настаўнікі, блізкія родзічы, суседзі… Сапраўды, тым самым звязвалася, замацоўвалася сувязь з родным куточкам, тая зямная, радаводная сувязь, якую часам мы — ці то выпадкова, ці то наўмысна — спяшаемся абарваць, перарэзаць бы тую пупавіну…

У той 1965 год пухавіцкая «раёнка» адкрыла чытачам вершы паэтаў-землякоў Захара Біралы, Галіны Лук’янчык, Леаніда Дубоўскага, Івана Падбярэжскага, Пятруся Капчыка, Жанны Ляпёшкі, Ігара Жулегі… Па рознаму склаліся іх творчыя лёсы. Пятрусь Капчык (родам з Раўнаполля) жыў ва Украіне. Захар Бірала, першы зборнік сатырычных вершаў якога быў выдадзены яшчэ ў 1929 годзе, у 1960 — 1980-ыя друкаваўся асабліва актыўна. Пабачыла свет некалькі яго кніг. Хаця і ў сталым узросце, але паэта-франтавіка, былога вязня сталінскага ГУЛАГа прынялі ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. А следам у літаратуру ішло новае пакаленне… 2 лютага 1965 года Пухавіцкая раённая газета пісала: «Адбылося чарговае пасяджэнне літаратурнага аб’яднання, створанага пры нашай газеце. Свае новыя вершы прачыталі настаўнікі Захар Бірала, Уладзімір Кулеш, Іван Падбярэжскі, вучні Наташа Гладкова. Барыс Мардуховіч, студэнт Міхаіл Падафалаў, рабочы Леанід Дубоўскі і іншыя». Тады пачынаў свой шлях у літаратуру і будучы літаратуразнавец Мікола Мішчанчук, чалавек, чый зямны лёс завершыўся ў Брэсце, а вось як творчая асоба ён пачаў фарміравацца на Пухавіччыне.

 

Алесь Карлюкевіч

 

Прочитано 80 раз