Вторник, 01 12 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Мір і ваколіцы. Па Стаўбцоўшчыне. Новы і Стары Свержань

  • Вторник, 05 мая 2020 12:12
  • Автор  Сугучча

Не так далёка ад Міра і Стоўбцы, Стаўбцоўскі край. Літаратурна-краязнаўчае падарожжа па гэтай старонцы можна расцягнуць і не на адзін дзень. Мяркуйце самі. Стоўбцы, цэлы шэраг паселішчаў гэтага раёна звязаны з жыццём і творчасцю народнага песняра Беларусі Якуба Коласа. Адна Мікалаеўшчына, легендарная беларуская, стаўбцоўская літаратурная вёска, чаго вартая!.. І сёння ў беларускай літаратуры працуюць ўраджэнцы, жыхары старадаўняга паселішча. Зараз тут, у Мікалаеўшчыне, жыве цікавая, адметная і разам з тым малавядомая асоба ў літаратуры – рускі празаік і мастак, графік Юрый Пяткевіч. Але першы наш маршрут па Стаўбцоўшчыне я прапаную скіраваць у Новы Свержань.

Колькі слоў пра само паселішча. Новы Свержань – вёска, дзе зліваюцца рэкі Жацераўка і Нёман. Усяго за 3 км ад саміх Стоўбцаў. 5 км – ад чыгуначнай станцыі Стоўбцы. Знаходзіцца на аўтамабільнай дарозе Нясвіж – Стоўбцы. З Міра – лічы, прамая дарога… Не будзе і трыццаці кіламетраў…

У XVI стагоддзі мястэчкам Навагрудскага павета Новы Свержань валодалі адначасова А. Урэлеўскі, М. Слушка, А. Валовіч. Затым – Храптовічы. У 1575 Новы Свержань перайшоў да валодання Мікалаем Радзівілам «Сіроткам». Новы гаспадар заснаваў тут касцёл, а пасля і праваслаўную царкву. Толькі ў 1681 годзе ў мястэчку было 44 крамы. А ў XVII – XVIII стст. Новы Свержань – у складзе Мірскага графства. Закранулі мястэчка і падзеі Паўночнай вайны – у 1706 годзе шведскія войскі спалілі Новы Свержань. У 1-й палове XVIII стагоддзя тут быў заснаваны базыльянскі кляштар з семінарыяй. Дарэчы, якраз у гэты час і адбыўся падзел: само мястэчка атрымлівае назву Новы Свержань, а суседняя вёска – Стары Свержань…

Між іншым, ваенных падзей на лёс Новага Свержаня і яго блізкіх ваколіц хапіла і ў 1812 годзе, калі ля мястэчка адбылася бітва паміж рускімі і французскімі войскамі. Пра падзеі мінуўшчыны ў старадаўнім паселішчы красамоўна раскажуць і млын вадзяны (з пазамінулага стагоддзя ён – сведка ўсяго жыцця), і старое замчышча, і, канешне ж, Касцёл Святых Пятра і Паўла, які дазволіць нашай свядомасці зазірнуць у XVI, ды і праваслаўная царква – амаль равесніца касцёла… А яшчэ – могілкі ды сінагога…

І, пэўна ж, гэтая самая сінагога была перад вачыма ў яўрэйскага пісьменніка Лукі Шалома Кацэнеленбогена (1877 – 1904), які нарадзіўся ў Новым Свержані, а памёр у Цюрыху. Вучыўся ён у ешыботах у Міры і Слуцку. А настаўнічаў у Пінску і Стоўбцах. З 1900 года – у Лондане. У 1904 годзе малады чалавек паступіў у Цюрыхскі ўніверсітэт. Але ў гэтым жа годзе і патануў у легендарным Цюрыхскім возеры. Лука Шалом вядомы як аўтар аповесці «Зімовая ноч». Знойдзецца перакладчык яе з ідзіш – і, магчыма, мы адкрыем падрабязнасці жыцця ў Новым Свержані напрыканцы пазамінулага стагоддзя…

Многія гады жыве ў Гродна знакаміты беларускі культуролаг, літаратурны краязнаўца, літаратуразнаўца, гісторык, бібліяфіл Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч, які нарадзіўся ў Новым Свержані ў 1931 годзе. У 1954 годзе ён закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Затым – аспірантуру філфака БДУ. І з 1957 года выкладае ў Гродзенскім універсітэце. Многія гады вёў на Гродзенскім абласным тэлебачаннні праграму «Кнігарня». Аўтар каля 20 кніг. Сярод іх – «Пісьменннікі Прынёманскага края», «Літаратурная Гродзеншчына. Мясціны. Людзі. Кнігі», «Людзі культуры з Гродзеншчыны», «Маршруты кніжнага слова: з гісторыі кнігі, друку на Гродзеншчыне», «Старонкі спадчыны. Культурнае памежжа Гродзеншчыны: працэсы, з’явы, асобы», «Слова і кніга Прынёмання»… Нядаўна Аляксей Міхайлавіч даслаў мне сапраўды ўнікальную кнігу – «Аўтографы – разам», кнігу, дзе пададзены аўтографы на кнігах, падараваных асабіста Пяткевічу. Выдатнае бібліяфільскае выданне, якое сведчыць пра высокую кніжную культуру і аўтара, і адпаведна – пра ўладальніка багатай бібліятэкі беларускіх кніг.

А мовазнаўца Вольга Міхайлаўна Шэлег (1931 – 1965) нарадзілася паблізу – у Старым Свержані. Пражыла, на вялікі жаль, усяго 34 гады. На год пазней за Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча – у 1955 годзе – закончыла філфак Белдзяржуніверсітэта. Працавала настаўніцай. А з 1957 года – у Інстытуце мовазнаўства АН БССР. Займалася беларускай лінгвагеаграфіяй. Адна з аўтараў «Дыялекталагічнага атласа рускай мовы», «Нарысаў па рускай дыялекталогіі». У 1974 годзе (пасмяротна) ураджэнка Старога Свержаная адзначана Дзяржаўнай прэміяй СССР.

Дарэчы, у звязку з Мікалаеўшчынай мы згадвалі рускага пісьменніка Юрыя Пяткевіча, які нарадзіўся на Стаўбцоўшчыне ў 1962 годзе. А між тым доўгі час літаратар і мастак, якога, на жаль, болей ведаюць у Расіі, чым у Беларусі, жыў якраз у Новым Свержані. З Юрыем Пяткевічам мы яшчэ, несумненна, сустрэнемся, вандруючы па іншых стаўбцоўскіх сцежках, бо пісьменнік і мастак стала прапісаўся на Стаўбцоўшчыне. І многія свае сюжэты – і ў прозу, і ў жывапіс, у свае графічныя работы – выношвае, асэнсоўвае менавіта на Стаўбцоўскай зямлі. Дарэчы. Юрый Пяткевіч – аўтар кніг прозы «Явление ангела», «Колесо обозрения», якія пабачылі свет у прэстыжных маскоўскіх выдавецтвах, якія заўважаны і па-добраму адзначаны аўтарытэтнымі маскоўскімі літаратурнымі крытыкамі.  А карціны нашага земляка захоўваюцца ў прыватных калекцыях у Германіі, Італіі, Канадзе, Польшчы, ЗША…

 

Алесь Карлюкевіч

Ілюстрацыя: Новы Свержань. Касцёл Святых Пятра і Паўла

Прочитано 180 раз