Вторник, 01 12 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Літаратурная карта Пухавіччыны. Раўчацкімі сцежкамі Избранное

  • Суббота, 02 мая 2020 10:30
  • Автор  Сугучча

Шукаючы многія гады памяткі па літаратурным краязнаўстве Пухавіччыны, часта сутыкаюся з людзьмі, якія вандравалі па нашай старонцы, звязаны з ёю праз блізкіх родзічаў. Так аднойчы краязнаўца і пісьменнік Анатоль Васільевіч Статкевіч-Чабаганаў пазнаёміў мяне з масквічом Аляксандрам Закатавым. Спярша прадстаўлю гэтага цікавага і неардынарнага чалавека…

Аляксандр Мікалаевіч Закатаў – гісторык, публіцыст, грамадскі дзеяч. Нарадзіўся ў Маскве ў 1972 годзе. Нашчадак старадаўняга рода праваслаўных святароў Закатавых і Страхавых. Унук славутага савецкага вучонага-геадэзіста, доктара тэхнічных навук П. Закатава (1907 – 1977). Аляксандр закончыў Маскоўскі гісторыка-архіўны інстытут. Следам – аспірантуру. У 1999 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме “Архівы Расійскага Імператарскага Дома пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 года: праблемы рэканструкцыі, апісанне і выкарыстанне”. З 2001 года – на выкладчыцкай працы. Дацэнт кафедры айчыннай гісторыі і культуры Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта геадэзіі і картаграфіі. З 2003 года – член навуковага савета Расійскай акадэміі навук па вывучэнні і ахове культурнай і прыроднай спадчыны. У 2010 годзе Аляксандра Закатава прынялі ў члены Саюза пісьменнікаў Расіі. У 2014 годзе адзначаны Нацыянальнай прэміяй “Лепшыя кнігі і выдавецтвы года – 2013” за кнігу “Святая гара Афон, Праваслаўная царква і Дом Раманавых у выгнанні. Гістарычнае і сацыякультурнае значэнне царкоўна-дынастычных адносін пасля рэвалюцыі 1917 года” (трохтомнае выданне пабачыла свет у Таліне ў 2013 г.). 

А што ж яднае Аляксандра Закатава з Пухавіччынай? Які адрас яму блізкі?.. Вёска Раўчак. Гэта – непадалёку ад Зацітавай Слабады. Можна завітаць у Раўчак і праз Маркаўшчызну, звярнуўшы направа за некалькі сотняў метраў перад Пухавічамі…

Расказвае сам Аляксандр Закатаў:

– Упершыню я пабываў у Раўчаку летам 2003 года, калі мы разам з жонкай Святланай Анатольеўнай Добравай (па нараджэнню – Сакаловай) прыехалі да яе бацькоў. Тата маёй жонкі – палкоўнік Анатоль Ігнатавіч Сакалоў (1937 – 2013) і мама – Лідзія Васільеўна Сакалова (па нараджэнню – Сядзенка), (нарадзілася ў 1938 годзе). Спярша мы гасцявалі ў Мінску, а затым выправіліся на іх лецішча – у Раўчак…

З таго часу на працягу многіх гадоў, як правіла, у жніўні, рускі публіцыст і пісьменнік Закатаў прыязджае ў гасціны – спярша ў Мінск, а затым абавязкова ў пухавіцкі Раўчак. “Я часам не магу выбрацца з-за візітаў Главы Расійскага Імператарскага Дома Раманавых Вялікай Княгіні Марыі Уладзіміраўны (А. Закатаў узначальвае яе Канцылярыю ў Маскве – А. К. ), якую я суправаджаю, з-за іншых дзелавых паездак, але жонка прыязджае рэгулярна. Участак у Раўчаку набыў мой цесць – палкоўнік А. І. Сакалоў. Па падказцы яго сябра палкоўніка Мікалая Іванавіча Казака. Гэтым участкам яшчэ з дарэвалюцыйнага часу валодала сям’я родзічаў М. І. Казака. Але іх дом згарэў, і застаўся адзін каменны фундамент, гаспадарчыя забудовы, у тым ліку выдатны каменны склеп-ледавік (шкада, што ў сапраўдны час напалову засыпаны і не выкарыстоўваецца)…”

На ўчастку раўчацкіх родзічаў А. Закатава на старым фундаменце пабудаваны новы дом з рускай печчу. Дом атуляе стары сад з яблынямі і слівамі. Ёсць агарод, ёсць клумбы з кветкамі. З “даброт цывілізацыі” – электрычнась. Вадаправода няма; ваду здабывае помпа са свідравіны. “Але такія спартанскія ўмовы, – дзеліцца развагамі Аляксандр Мікалаевіч. – маюць асаблівы шарм: для нас – гэта “мяккі варыянт экстрэмальнага турызму”. 

Любімы занятак Закатавых у Раўчаку – збор грыбоў. Хаця і прыязджаюць яны не ў самы грыбны сезон. Але, па-першае, самі прагулкі па лесе прыносяць масквічам вялікае задавальненне, а па-другое, грыбоў, увогуле, усё адно хапае – і каб зварыць суп, і каб падсмажыць, і пасаліць. Некалькі слоікаў замарынаваных грыбоў госці вязуць у Маскву, каб пачаставаць сваіх сяброў, родзічаў. 

– Грыбы мы заўсёды адварваем на вогнішчы, на двары. – расказвае Закатаў. – Ад гэтага яны набываюць асаблівы пах. У Маскве мы таксама ходзім у грыбы. Але паколькі на нашым лецішчы ёсць магістральны газ, на вогнішчы лянуемся гатаваць. А ў Раўчаку гэта, наадварот, самы зручны спосаб… Я люблю ўсё, што звязана з грыбамі, – і пошук, і чыстку, і прыгатаванне. Гэта калі так можна выказацца, манаскі занятак, які дазваляе сканцэнтравацца на добрых развагах. Есці грыбы ў апошні час я стаў шмат меней – насыціўся. Але пад чарачку халоднай гарэлкі пасолены грыбок лічу добрай закускай. Часам я з цясцём лавіў рыбу ў невялікай азярыне. Рыбка дробная, і звычайна яе аддаюць сабаку – сімпатычнай таксе Дане. Адзін раз я вырашыў паспрабаваць вылаўленую рыбу. Мы яе падсмажылі і з’елі ў якасці лёгкай закускі на аперытыў, з-за чаго Дана некалькі дзён на нас была страшна пакрыўджана і нават не глядзела ў наш бок… У Раўчаку няма крамы, і некалькі разоў на тыдзень прыязджае “аўталаўка”. Для мясцовых жыхароў гэта традыцыйная паўсядзённая з’ява, а для гасцей Раўчака – пацеха. Забаўна акунуцца ў часіны дзяцінства, калі ва ўмовах дэфіцыту быў ва ўсіх крамах такі самы асартымент (а то і шмат бяднейшы). Я часта выходжу да аўталаўкі і абавязкова купляю хаця б што-небудзь. Выбар невялікі, але якасць – досыць высокая. Дарэчы, прадукты харчавання ў Беларусі вельмі якасныя. І па смаку нагадваюць лепшыя ўзоры прадуктаў, за якімі ў СССР выстройваліся каласальныя чэргі, і ў якіх было такое: “болей паўкіло ў рукі не выдаваць”…

Гуляючы па ваколіцах Раўчака, Аляксандр Мікалаевіч і сваю версію паходжання тапоніма Раўчак знайшоў: “Пачаткова, мяркуючы па ўсім, гэтае імя ўзнікла ад пракапанай рачулкі. Але надалей – у час Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе, калі ў гэтым раёне праходзілі ваенныя манеўры – усё перакопана рвамі, насыпаны валы і г.д. Праўда, час бярэ сваё, і прырода сцірае сляды бітваў і вучэнняў. У першыя гады паходаў за грыбамі мы назбірвалі цудоўных маслят у глыбокіх пясчаных ірвах. Але праз некалькі гадоў, калі прыйшлі на тое самае месца, я выявіў, што ірвоў болей не існуе: яны асыпаліся і выраўняліся з ландшафтам… Некаторую сапраўдную небяспеку ўяўляюць кляшчы. Мы да іх не прызвычаіліся, паколькі на нашым лецішчы па Казанскай дарозе, у былым сяле Ільінскім Быкаўскай воласці Бронніцкага павета Маскоўскай губерні, а зараз – пасёлку Кратава Раменскага раёна Маскоўскай вобласці, а таксама ў бліжнім Хрыпанскім лесе, куды мы ходзім гуляць у Падмаскоўі, кляшчы не водзяцца… І не было выпадку, каб нехта ў час знаходжання ў Раўчаку не знайшоў кляшча, а часам яны паспяваюць “угрызціся” ў цела. Дзякуй Богу, ніякіх захворванняў яны не прыносяць, не прынеслі, але прыемнага мала. Аднак пры падтрыманні простых мераў асцярогі і гігіены гэта не такая вялікая праблема…” 

Зразумела, у Раўчаку літаратар не толькі любуецца хараством навакольных краявідаў, але і працуе – чытае, піша. Праўда, яго творчая работа ў значнай ступені звязана з наяўнасцю даведачнай літаратуры і Інтэрнэта, і ў выніку, як правіла, атрымліваюцца не цэласныя завершаныя працы, а нейкія нарыхтоўкі артыкулаў альбо кароткія публіцыстычныя каментарыі на актуальныя тэмы. З мабільнай сувяззю справы складваюцца няважна, і далёка не ва ўсіх месцах праходзіць сігнал спадарожніка. Але гаспадары, Аляксандр Мікалаевіч ведаюць, дзе лепей чуваць у хаце і на ўчастку, і калі патрэбны тэрміновыя перамовы, то гэта заўсёды можна наладзіць. Некалькі разоў Аляксандр Закатаў сазвоньваўся з Раўчака з Гасударыняй Марыяй Уладзіміраўнай, калі трэба было зрабіць гэта тэрмінова. І пасля перадаваў яе пункт гледжання па шэрагу пытанняў сродкам масавай інфармацыі ў Расію. 

– З прыкметных мясцін Раўчака, – расказвае Аляксандр Мікалаевіч, – я асаблівую ўвагу звярнуў на адну. Гэта магіла, размешчаная на заходняй ускраіне вёскі, ля дарогі. У ёй знайшлі свой супакой забітыя нацыстамі ў 1944 годзе, у час вайны, Марыя Ігнатаўна Клімовіч і дзве яе дачкі – Вольга і Соф’я Фролаўны. Калі не памыляюся, у іх дом патрапіў снарад ці бомба. Маці было ўжо за 50 гадоў, а дочкі – маладыя дзяўчаты. Шчымліва, што памяць пра іх захавалася і падтрымліваецца. Але мне крыху сумна, што на магіле няма крыжа. Не ведаю, ці былі яны вернікамі ці ўжо вятрыска бязвер’я, ваяўнічага бязбожжа кранулася іх душ, але, пэўна ж, яны былі хрышчонымі (на крайні выпадак Марыя Ігнатаўна – абавязкова), і памінаць іх варта па-праваслаўнаму… 

Размовы пра Раўчак з рускім гісторыкам, пісьменнікам Аляксандрам Закатавым у нас былі некалькі гадоў назад. У Беларусь, Мінск, ён прыязджаў яшчэ з адным гістарычным пісьменнікам – Станіславам Думіным. Уважліва і зараз сачу за творчай, навуковай дзейнасцю А. Закатава. Ведаю, што піша ён і вершы. Магчыма, штосьці з яго паэтычных, мастацкіх твораў нарадзілася якраз і ў пухавіцкім Раўчаку? Дарэчы, трэба нагадаць, што паселішча звязана з пісьменніцкімі біяграфіямі Станіслава Крэпскага, Анатоля Бутэвіча, Арыны Клімовіч. І вось рускі пісьменнік Аляксандр Закатаў – сярод гэтай творчай кагорты адкрывальнікаў раўчацкай памяці.

Алесь Карлюкевіч

 

Прочитано 167 раз Последнее изменение Воскресенье, 03 мая 2020 11:23