Вторник, 01 12 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Год малой радзімы. Вышыні навагрудскага музейшчыка і краязнаўцы

  • Суббота, 02 мая 2020 00:55
  • Автор  Сугучча

На Гродзеншчыне традыцыйна працаваў і працуе вялікі атрад краязнаўцаў – даследчыкаў мінуўшчыны. Летапіс Слонімшчыны справамі па зборы экспанатаў, арганізацыі музейнага асяроддзя, выступленнямі ў друку стваралі легендарны расійскі (царскага часу!) вайсковец Іосіф Стаброўскі, а ў 1930-1940-я гады – Сяргей Новік-Пяюн, у наш час – Сяргей Чыгрын. А Лідчына краязнаўчая – гэта Станіслаў Суднік, Алесь Жалкоўскі, Анатоль Кулеш. У летапіс іншых старонак, іншых гарадзенскіх куточкаў, самога Гродна свой плён унеслі Аляксей Пяткевіч, Алесь Белакоз, Алесь Жалкоўскі, Святлана Кошур, Тамара Вяршыцкая… І сярод гэтага атрада руплівых збіральнікаў памятак зямлі беларускай пачэснае месца не першы год займае Мікола Гайба з Навагрудка.

Гартаю старонкі яго новай кнігі – “Сем вежаў Навагрудка”, якая праз некаторы час павінна пабачыць свет у выдавецтве “Беларусь”. І думаю пра тое, што не аднойчы, збіраючыся ў дарогу ў Навагрудак, імкнучыся пра нешта напісаць, я званіў, пісаў дасведчанаму збіральніку памятак мінуўшчыны. І заўсёды ведаў, што і кансультацыю адпаведную атрымаю, і справу сваю журналісцкую вырашу. І ведаю, што дапамог і дапамагае ён многім. 

Працуючы ахоўнікам памяці вялікага паэта, творцы з сусветнай мастацкай славай, на пасадзе дырэктара Дома-музея Адама Міцкевіча ў Навагрудку, менавіта ён, Мікола Гайба, здолеў зрабіць надзвычай шмат. І не толькі па насычэнні музея ўнікальнымі экспанатамі. І не толькі па ўсталяванні на базе музея ў Навагрудку сапраўднай усебеларускай пляцоўкі мемарыялізацыі жыцця і творчасці Адама Міцкевіча. Але і па ўсемагчымым пашырэнні навагрудскага краязнаўства, па стварэнні ў старажытным горадзе, у старажытным краі атмасферы ўшанавання гісторыі роднай старонкі. Памятаю, як у навагрудскай раённай газеце выходзілі падрыхтаваныя Міколам Гайбам, адмысловыя краязнаўчыя выпускі. І свае матэрыялы друкаваў, і іншых мясцовых аўтараў прыцягваў да супрацоўніцтва. Да пасады дырэктара дома-музея Адама Міцкевіча, ён восем гадоў працаваў навуковым супрацоўнікам Навагрудскага гістарычна-краязнаўчага музея і выдаў шэраг кніг. 

Новая кніга Міколы Гайбы – “Сем вежаў Навагрудка” – адлюстраванне толькі часткі краязнаўчых, гістарычных зацікаўленняў даследчыка далёкай і параўнальна блізкай мінуўшчыны. Не буду пераказваць старонкі выдання, якое вы ў хуткім часе будзеце трымаць у руках і якое ўсім раю ўважліва прачытаць, найперш -- усім, хто збіраецца ў падарожжа не толькі на Навагрудчыну, у Навагрудак, але і ўвогуле ў падарожжа на Гродзеншчыну. Вы і самі зробіце, здзейсніце патрэбныя вам адкрыцці і знаходкі, самі выбудуеце маршрут захапляльнай вандроўкі. 

Паспрабую давесці ўсяго толькі адну думку. Мікола Гайба, па сутнасці, жыве ў правінцыі. Няхай сабе і выразна акрэсленай з пункту гледжання гістарычнага. Усё ж Навагрудак – сталіца Вялікага княства Літоўскага, старажытны цэнтр, які прыцягваў беларускую гісторыю, прыцягваў падзеі і іх удзельнікаў. І вось у гэтай няблізкай да сталічнага сённяшняга жыцця правінцыі аўтар кнігі “Сем вежаў Навагрудка” арганізоўвае працу літаратурнага музея. Дарэчы, колькасць наведвальнікаў у Дом-музей Адама Міцкевіча летась, у 2019 годзе, склала болей як 30 000 чалавек, палова з якіх – замежныя турысты. І 30 000 гасцей у Доме-музеі Адама Міцкевіча ў Навагрудку -- гэта не віртуальныя наведванні!.. Гэта жывыя людзі, з розным узроўнем адукацыі, выхавання, прадстаўнікі розных сацыяльных груп, прадстаўнікі розных прафесій. Гэта – людзі, наведвальнікі, якія і жыццё і творчасць Адама Міцкевіча прыйшлі адкрываць, і Беларусь спасцігаць якраз у Дом-музей вялікага паэта…

І вось такая праца па прыцягненні новых і новых людзей, новых экскурсантаў, турыстаў, па захаванні добрых з імі стасункаў, бо прыходзяць, прыязджаюць у музей і другі, і трэці, і пяты раз – якраз кніга Міколы Гайбы. Мо таму не так часта і друкуецца дасведчаны гродзенскі, навагрудскі краязнаўца, высокаадукаваны гісторык, добры знаўца гісторыі Беларусі ўвогуле. Ён, Мікола Гайба, падаецца мне асобай па-свойму ўнікальнай, чалавекам, на якім сёння ў значнай ступені трымаецца повязь беларускай і польскай літаратур, а мо нават трымаюцца і сувязі даследчыкаў польскай літаратуры, польскай культуры ў прывязцы да нашай старонкі як з Беларусі, так і з Польшчы. Нераўнадушша, з якім краязнаўца і музейшчык ставіцца да мінулага, нераўнадушша, з якім ён паядноўвае мінулае з сучаснасцю, дазваляе заставацца Навагрудскаму дому-музею Адама Міцкевіча сапраўдным эпіцэнтрам прыцягнення людзей адукаваных, цікаўных. 

І хіба што адно пажаданне ў звязку са знаёмствам з кнігай “Сем вежаў Навагрудка”. І для Міколы Гайбы – найперш. На мой суб’ектыўны погляд, Навагрудак мае ўсе правы называцца мастацкім, культурным гняздом Гродзеншчыны, Беларусі. Канешне ж, тут я ўзгадаў “класіфікацыю” расійскага акадэміка М. Піксанава. Ды справа зусім не ў класіфікацыі. Справа – у тых памкненнях, якія яшчэ павінны рэалізаваць і Мікола Гайба, і ўсе, каму Навагрудчына падаецца цікавай, блізкай, хто нераўнадушны да гэтай старонкі. 

“Навагрудскае гняздо” асветчыны, “гняздо радзімазнаўства” – гэта паяднанне розных накірункаў культуры, асветніцтва, іх прэзентацыя для ўсяго грамадства. Музеі ў Навагрудку, сляды старажытнасці, могілкі, культавыя аб’екты са сваёй гісторыяй, мастацкая, карцінная галерэя, заснаваная геніяльным жывапісцам сучаснасці Кастусём Качаном – гэтыя і іншыя адрасы патрабуюць болей шырокай інфармацыйнай увагі, болей шырокай, калі хочаце, турыстычна-краязнаўчай рэкламы. Грамадства павінна адкрываць гэтыя адрасы, грамадства павінна ўсведамляць іх вартасць і значнасць. І публіцыстычна-краязнаўчая праца ў гэтым накірунку – канешне ж, на плячах такіх людзей, такіх мясцовых рупліўцаў і асветнікаў, як аўтар кнігі “Сем вежаў Навагрудка” Мікола Гайба. 

 

Алесь Карлюкевіч

Фота: Звязда

 

Прочитано 167 раз Последнее изменение Суббота, 02 мая 2020 01:12