Вторник, 01 12 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Гісторык Цэнтральнай Азіі нарадзіўся на Віцебшчыне

  • Вторник, 25 августа 2020 10:17
  • Автор  Сугучча

Рэдка калі згадваецца імя Пятра Рыгоравіча ГАЛУЗЫ (1897 – 1980), савецкага гісторыка, даследчыка мінуўшчыны Сярэдняй ці савецкай Цэнтральнай Азіі. І дарэмна. Ён – з кагорты пачынальнікаў савецкага перыяду ў гістарычнай навуцы Туркменістана. І, відавочна, зварот да напісанага ім у 1930-я гады дапамог бы стварыць найболей поўную карціну развіцця гістарычнай навукі ў Туркменістане ў першай палове XX стагоддзя.

Пётр Рыгоравіч Галуза нарадзіўся 10 чэрвеня 1897 года ў вёсцы Даргейкі Сенненскага павета Магілёўскай губерні. Зараз – гэта Сенненскі раён Віцебскай вобласці. Але ні ў адным з васьмі сельсаветаў сучаснага Сенненскага раёна цяпер такога паселішча – Даргейкі – няма. Відаць, была невялікая вёсачка, якая ўжо за стагоддзе і згубілася ў гісторыі мінуўшчыны… Хаця і славутымі сваімі ўраджэнцамі адзначана. У Пятра Рыгоравіча быў яшчэ і малодшы брат – біёлаг доктар сельсакагаспадарчых навук Іларыён Рыгоравіч Галуза…

А што да Пятра Галузы, то ён закончыў двухкласную школу ў родным краі. Першыя палітычныя вопыты ў пярэдадзень Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі набыў як анархіст-камуніст… У 1917 – 1918 гг. наш зямляк служыў у царскай арміі. Прапаршчык. У 1918 – 1919 гг. загадваў аддзелам народнай адукацыі. А ў 1919 – 1921 гг. – у Чырвонай Арміі. Займае пасаду начальнікам палітаддзела баявога ўчастка. У 1920 годзе ўступіў у Расійскую Камуністычную партыю (бальшавікоў). З 1919 года лічыўся кандыдатам.

У 1921 – 1923 гг. Пётр Галуза вучыцца ў Камуністычным універсітэце імя Я. М. Свярдлова. Па накіраванню з Масквы нашага земляка адпраўляюць выкладчыкам Камуністычнага універсітэта ў Ташкент. Дарэчы, гэтая ВНУ складалася з галаўнога маскоўскага «офіса» і філіялаў у Ташкенце, Баку, Іркуцку. У розны час ва ўніверсітэце навучаліся прадстаўнікі ажно 73 (!) нацыянальнасцяў. Адну вялікую групу навучэнцаў складалі савецкія студэнты, з якіх рыхтавалі савецкіх і партыйных работнікаў  для нацыянальных наменклатур савецкіх рэспублік. Другую групу складалі замежныя студэнты, якіх рыхтавалі да барацьбы за ўсталяванне камунізму ў сваіх краінах, для арганізацыі паўстанняў і рэвалюцый. Сярод выпускнікоў Камуністычнага ўніверсітэта – тувінскі дзяржаўны дзеяч і пісьменнік Така Салчак, кітайскі палітык Дэн Сяапін, в’етнамскі камуністычны лідар і пісьменнік Хо Шы Мін, карэйскі дзяржаўны дзеяч Чо Бонам, каракалпацкі партыйны і дзяржаўны дзеяч Алаяр Дасназараў, заснавальнік турэцкай рэвалюцыйнай паэзіі, турэцкі грамадскі дзеяч Назым Хікмет, дзеяч іракскага камуністычнага і рабочага руху Юсуф Сулейман Юсуф, адзін з лідараў камуністычнага і нацыянальна-вызваленчага руху ў Інданэзіі Тан Малака, кітайскі рэвалюцыянер і паэт, публіцыст Эмі Сяо, савецкі таджыкскі партыйны дзеяч Шырынша Шатэмір…

З 1924 па 1937 гг. Пётр Галуза працуе кіраўніком бюро Гістапарта пры ЦК Кампартыі Туркестана, рэктарам Туркменскай Вышэйшай камуністычнай сельскагаспадарчай школы, галоўным рэдактарам часопіса «Советское хозяйство Туркмении». Набываючы публіцыстычны і навуковы вопыт, гістарычны досвед, Пётр Рыгоравіч піша навуковыя, гісторыка-публіцыстычныя працы «Туркестан-калонія (Нарыс гісторыі Туркестана ад заваёвы рускімі да рэвалюцыі 1917 г.)», «Трацкісцка-каланізатарская канцэпцыя гісторыі Туркестана-калоніі», «Узбраенне рускіх перасяленцаў у Сярэдняй Азіі», «Аграрныя адносіны на поўдні Казахстана ў 1867 – 1914 гг.», «Паўстанне 1916 года ў Сярэдняй Азіі»…

21 ліпеня 1937 рашэннем бюро ЦК Кампартыі Туркменістана П. Галуза зняты з пасады галоўнага рэдактара часопіса і выключаны з партыі. Следам нашага земляка чакалі рэпрэсіі… Праўда, Пётр Рыгоравіч выжыў у калатнечы тых няпростых гадоў і памёр толькі ў 1980 годзе…

Брат нашага героя – Іларыён Рыгоравіч Галуза (1899 – 1977)  сцвердзіў сябе як выдатны вучоны. Працаваў у Казахстане. Адзін час займаў пасаду акадэміка-сакратара Акадэміі навук Казахскай ССР. За адну са сваіх манаграфій быў адзначаны Сталінскай прэміяй трэцяй ступені. Быў узнагароджаны ордэнамі Леніна, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны».

Алесь Карлюкевіч

 

Прочитано 84 раз