Вторник, 01 12 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Пах дзяцінства. Якаў Тайц

  • Четверг, 08 октября 2020 01:10
  • Автор  Сугучча

У Смаргоні ў 1905 годзе нарадзіўся рускі дзіцячы пісьменнік Якаў Тайц, кнігі якога перавыдаюцца масавымі тыражамі і зараз, праз паўвека пасля яго смерці.

Надоўга ў маёй хатняй бібліятэцы большасць яго кніг не затрымлівалася. Па прычыне самай празаічнай: у асноўным тоненькія, у мяккай папяровай вокладцы, гэтыя кніжачкі чыталіся ў малым узросце. А як ужо сам пасталеў, дык чыталіся і перачытваліся самымі юнымі… І не заўсёды, на вялікі жаль, кніжачкі мелі адпаведнае абыходжанне. Праўда, часам, перабіраючы старую бібліятэку, натрапляеш і на іх, кідкіх, уражлівых сваімі вокладкамі… Зірнеш на іншы, здавалася б, дастаткова просты малюнак – і перад вачыма ўзнікае процьма светлых і добрых асацыяцый. Асацыяцый, увасобленых творчай фантазіяй нашага земляка, пісьменніка Якава Тайца, які нарадзіўся ў Смаргоні, на Гродзеншчыне. Дапамагаюць гэтаму і працы таленавітых кніжных графікаў, якія ў розныя гады ілюстравалі творы Якава Тайца…

У выдатнай кнізе персаналій «Людзі культуры з Гродзеншчыны» даследчык лёсаў нашых землякоў кандыдат філалагічных навук Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч расказвае пра Якава Тайца і яго бацьку – яўрэйскага пісьменніка Майсея Тайца, які нарадзіўся ў мястэчку Вартачы Астравецкага раёна. Тайц-старэйшы (нарадзіўся ў 1882 годзе, памёр у Маскве ў 1935-м) пісаў на ідыш. Друкаваўся з 1902 года. У Маскве выйшлі яго паэма «Кніга хронік», зборнік вершаў «Далоні да сонца» (1923), раманы «Смерць таварыша Вулі» (1929), «Інфузорная зямля» (1931)… Дзве кнігі і па назве звязаны з Беларуссю – зборнік апавяданняў «Кара Смаргоні» і паэма «Беларусь». Абедзве кнігі пабачылі свет у 1930-м… Але і ў іншых творах Тайца-старэйшага хапае беларускіх сюжэтаў.

Што да Якава Тайца, то сваю дарогу ў літаратуру сын пісьменніка пачаў напрыканцы 1920-х – у 1930-м… Першая яго кніга – зборнік апавяданняў «Крыўдная каманда» – выданнем з 1931 года. А літаратурным заняткам папярэднічалі іншыя клопаты. Бацькоўскі пісьменніцкі занятак быў, мяркуючы па ўсім, не дужа прыбытковым. Даводзілася часта пераязджаць. Ды і Майсей Тайц яшчэ да ўсяго іншага ўдзельнічаў у рэвалюцыйным руху. Здаралася, што трапляў пад арышт. З 1917 года сям’я жыла ў Харкаве. Тады гэты горад быў сапраўдным цэнтрам літаратурнага, культурнага, мастацкага жыцця ва Украіне.

Якаў паступіў у мастацкую школу. А ў 1920 годзе разам з бацькамі пераехаў у Маскву. У 1929 годзе скончыў Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут. Добра вядомы славуты «ВХУТЕМАС»… Аднакашнікі Якава па гэтай вучэльні сталі славутымі архітэктарамі. Той жа Георгій Уладзіміравіч Шчуко (1905 – 1960) разам з групай калег ужо ў 1932-1933 гг. праектаваў Палац Саветаў у Маскве. А Леанід Міхайлавіч Палякоў (1906 – 1965) за праекты розных ваенных аб’ектаў двойчы быў адзначаны Сталінскімі прэміямі – у 1949 і 1950 гг. Уладзімір Альбертавіч Гайковіч (ён закончыў «ВХУТЕМАС» на год раней – у 1928 годзе) праектаваў новыя раёны Сталінабада (у 1931 – 1938), Баку (у 1936 – 1938), іншых вялікіх гарадоў СССР. А вось Якаў пасля заканчэння вучобы працаваў цынкографам у друкарні. Затым служыў у войску. А пасля заняўся мастацкім афармленнем кніг.

Ды ўжо першыя публікацыі нашага земляка пераканаўча паказалі, што галоўным клопатам жыцця павінна стаць літаратура. Прычым, літаратура, адрасаваная дзецям ці напісаная пра дзяцей. Следам за зборнікам «Крыўдная каманда» выходзяць кнігі «Аповед сігнальшчыка» (таксама – у 1931) і «Сігнальшчык» (1933), «Два апавяданні» (1935) і «Адкуль ты?» (таксама – 1935). Да пачатку Вялікай Айчыннай вайны з’явілася яшчэ ці не з дзясятак кніг Якава Тайца – «Антон і Антонаўна», «Кубік на кубік», «Артэк», «Каўнерык», «Дом», «Апавяданні», «Залаты грошык», «Руды камень»… У 1936 годзе тады яшчэ пачынаючы крытык Яўгенія Таратута выступіла ў часопісе «Детская литература» з грунтоўнай рэцэнзіяй «Маленькія апавяданні Я. Тайца». Ужо тады крытыкам, літаратуразнаўцам, якія ўважліва аглядалі дзіцячую літаратуру, стала зразумела, што і ў межах малой формы, у межах зусім кароткага апавядання пісьменнік здольны сказаць галоўнае, здольны выканаць важную місію дзіцячай літаратуры – даць сапраўдны ўрок дабрыні, справядлівасці, навучыць юнага чытача з піетэтам ставіцца да дарослых, любіць прыроду.

 Зазірнуўшы ў другі том «Кароткай літаратурнай энцыклапедыі» (год выдання – 1964), я знайшоў артыкул «Дзіцячая літаратура», якому адведзена 6 вялікіх старонак. Чытаю: «Дзіцячая літаратура – у прамым сэнсе мастацкія, навукова-мастацкія і навукова-папулярныя творы, напісаныя спецыяльна для дзяцей…» І далей: «Амаль ва ўсім свеце дзеці чытаюць «Дон Кіхота» М. Сервантэса, «Рабінзона Круза» Д. Дэфо, «Прыгоды Гулівера» Дж. Свіфта, «Спартака» Р. Джаваньёлі…» Падумалася, а ці знайшлося тут месца Якаву Тайцу… Так, знайшлося!.. «Жыццю савецкіх дзяцей, важнейшым пытанням камуністычнай маралі, узаемаадносінам з таварышамі, з бацькамі і педагогамі, удзелу школьнікаў у грамадскім жыцці, выбару будучага поля дзейнасці прысвечаны вядомыя аповесці і апавяданні М. Багданава, Л. Будагоскай, І. Васіленка, Л. Варанковай, С. Георгіеўскай, Е. Ільіной, Я. Тайца, А. Рыбакова і інш. пісьменнікаў…» Стылістыка зразумелая. Вось нядаўна і ў артыкуле пра досыць вядомага, аднаго з самых тыражных савецкіх дзіцячых пісьменнікаў – Юрыя Якаўлева (можа быць, памятаеце, гэта ні хто іншы, як аўтар апавядання «Дарога ў Сакольнікі» і іншых твораў пра У.І. Леніна) прачытаў: «Творы, надрукаваныя Якаўлевым ў 1990-ыя гг., ясна гаварылі пра тое, што яго літаратурны час сыйшоў…» Не пагаджуся. І ў тым ліку – і ў дачыненні да многіх іншых твораў Якаўлева, і тым болей ў дачыненні да многіх, бальшыні апавяданняў Якава Тайца, які пайшоў з жыцця ў 1957 годзе. Ды і аргументы на тое ёсць самыя выразныя. Мяркуйце самі. 2006 год – выходзіць дастаткова тыражная кніга, дзе разам сабраны творы Леаніда Панцялеева, Віталія Біянкі, Барыса Жыткова, Вольгі Высоцкай і Якава Тайца. А ў 1989 годзе кніга нашага земляка пад назвай «Дом» пабачыла свет у маскоўскай «Детской литературе» накладам 2 мільёны асобнікаў (!). «Мой першы букет» выходзіла пасля смерці аўтара тройчы – у 1967, 1970, 1989 гг.

У адным 1958-м, калі Якава Маісеевіча яшчэ толькі-толькі не стала, адна за другой да чытача прыйшлі тры ёмістых зборнікі яго прозы – «Нязгаснае святло» (238 старонак), «Савецкай краіны піянер» (592 старонкі), «Салдацкі подзвіг» (203 старонкі). Гартаючы гэтыя кнігі сёння, пераконваешся, што іх варта перачытаць і дарослым. Напісанае ўраджэнцам Смаргоні – гэта якраз дзіцячая літаратура, разлічаная і на дарослых. І не толькі таму, каб яны нешта выбралі для знаёмства дзецям і ўнукам. А яшчэ – і таму, каб самі дакрануліся да цяпла, святла, дабрыні, пяшчоты і спагады. Напісанае Тайцам – проста добрая літаратура. У тым ліку і створаная пасля Вялікай Айчыннай вайны аповесць «Пад гарой Гедыміна». Вось што на адным з Інтэрнэт-парталаў напісала пра яе Ірына Цыпіна з Ізраіля: «Кнігу Якава Тайца мне падаравала мая бабуля, са словамі: «Ён з таго самага горада Вільня, дзе я нарадзілася і жыла да вайны, магчыма, мы былі знаёмыя…» І яшчэ – уражанні ад Ірыны Цыпінай: «… часам на хвалях памяці прыходзяць вобразы з дзіцячых гадоў…» А хіба не самае вялікае шчасце – даросламу спрычыніцца да дзяцінства?!. Не, Якаў Тайц – са Смаргоні. Але быў ён і ў Вільні, і Вільня – беларусы гэта ведаюуць – не так далёка ад Смаргоні… Галоўнае ў іншым, у тым, што ў многіх чытачоў складваецца ўражанне суладнасці, блізкасці з прачытаным, з самім пісьменнікам, праяўляецца давер да аўтара. Таму, відавочна, і «савецкія» творы Якава Тайца перавыдаюць зараз, калі ўжо не ў модзе і само слова «савецкі».

Той самы Юрый Якаўлевіч Якаўлеў, якога мы ўжо згадвалі, у 1970 годзе надрукаваў у калектыўным літаратуразнаўчым зборніку «Дзіцячая літаратура» артыкул пра Якава Тайца, дзе былі і такія словы: «Яго выратоўваў сардэчны кругагляд. Яго выратоўвалі ўдачы сяброў…»  Як гэта ўзнёсла і вельмі выразна ў адначассе сказана – сардэчны кругагляд… Так, шмат хто падкрэсліваў пасля смерці Якава Маісеевіча, што гэты знешне няўклюдны чалавек, досыць сціплы, умеў адкрывацца ў адказ на чужую шчырасць, чужую дабрыню. Умеў радавацца поспехам сваіх таварышаў-аднагодкаў.

Шмат Якаў Тайц перакладаў класікаў, сучаснікаў з вялікай кагорты яўрэйскіх пісьменнікаў. У першую чаргу – Шолам-Алейхема, І. Кіпніса, Л. Квітко, І. Гордана… Імёны па ранейшых часах знакавыя. Яўрэйскі савецкі пісьменнік Ілля Зіноўевіч Гордан нарадзіўся ў 1907 годзе. На Украіне. Адным з першых пачаў распрацоўваць у нацыянальнай літаратуры сельскую тэматыку. Паказаў класавую барацьбу, сялянскі побыт, псіхалогію жыхароў невялікіх паселішчаў. Адзін з самых вядомых у 1930-ыя гг. твораў – раман «Інгул-баяр». Перакладалі прозу Іллі Гордана на рускую, украінскую, польскую мову. Шолам-Алейхем – і ўвогуле пісьменнік, да творчасці якога Тайц спрычыняўся, каб набыць і пэўны мастацкі вопыт. Класік яўрэйскай літаратуры быў у значнай ступені святлом, што выводзіла на новыя прасторы. З яго, Шолама-Алейхема, мудрай прозы Якаў чэрпаў народнасць, дзякуючы знаёмству і працы над яе перакладамі ўглядаўся ў нядаўнюю мінуўшчыну. І памятаў словы, якія сказаў пра вялікага пісьменніка Анатоль Луначарскі: «Разам са сваімі героямі Шолам-Алейхем вырашаў унутраныя супярэчнасці жыцця праз смех». Мо і гэтая навука спрыяла той дабрыні, якую мы адчуваем у творах Якава Тайца, адрасаваных дзецям?

Стараўся таленавіты ўраджэнец Смаргоні выказаць падтрымку і літаратурнай моладзі. Зусім не шкадаваў на гэта часу. Не выпадковым падаецца і тое, што ў асабістым фондзе пісьменніка ў Расійскім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваюцца лісты Якаву Тайцу ад Анатоля Алексіна (нарадзіўся ў 1924 годзе). Лісты датаваны пачаткам 1950-х гг. Тады будучы славуты літаратар рабіў першыя крокі ў літаратуры. У 1950-1955 выходзілі першыя яго апавяданні, першыя кнігі: «Маленькая Лайма», «Два партрэты», «Светлая дарога», «Блізкі горад», Два падарункі», «Ідуць дажджы»… Як мне падаецца, ёсць у гэтых творах Анатоля Алексіна – нешта ад мастацкіх урокаў Тайца. Шкадую, што ў свой час, маючы некалькі працяглых тэлефонных размоў Анатолем Алексіным, не распытаў у яго пра Якава Тайца.

З Якавам Маісеевічам ліставаўся і малады празаік і паэт Сяргей Баруздзін. Ён, як вядома, таксама пачынаў як дзіцячы пісьменнік. У 1950 годзе ў сааўтарстве з Анатолем Алексіным выдаў зборнік вершаў «Сцяжок». І наступныя кнігі Баруздзіна адрасаваны дзецям – «Хто пабудаваў гэты дом», «Пра Святлану», «Хто сёння вучыцца»…

Знаходзіў Якаў Маісеевіч і час для стасункаў з літаратуразнаўцам, крытыкам Яўгеніяй Таратутай. Калісьці, у 1930-ыя гг., яна ці не першай сярод крытыкаў адгукнулася на яго кнігі. У архіўным фондзе Тайца – 7 яе лістоў, напісаных у 1955 – 1957 гг. Нельга не зазначыць, што той час быў няпростым для Яўгеніі Таратуты. Яна вярталася да актыўнай творчай працы пасля ГУЛАГаўскай высылкі, пасля выпрабаванняў хваробамі. Парады старэйшага калегі былі як ніколі да месца.

У архіве – і тэлеграмы-спачуванні ў сувязі са смерцю літаратара: ад Канстанціна Сіманава, Самуіла Маршака, Мікалая Ціханава, Канстанціна Федзіна, Сяргея Міхалкова, Карнея Чукоўскага… Пайшоў з жыцця наш зямляк 4 красавіка 1957 года. Ва ўзросце ўсяго толькі 52 гадоў… Жыць бы яшчэ і жыць! Працаваць і працаваць!..

Круг творчага жыцця Якаў Маісеевіч завершыў цыклам навел «Нязгаснае святло». Пра сваё ўласнае дзяцінства. А надрукаваны гэтыя навелы былі ўжо пасля смерці літаратара – у 1958 годзе. Займальныя, сюжэтныя, яны напоўнены тонкім гумарам і дапаўняюць той вобраз пісьменніка, што склаўся з папярэдніх кніг…

 

Ёсць і загадкі, што вартыя ўвагі асабліва ў кантэксце беларускіх старонак жыццяпісу Якава Тайца. У адной з дакументальных крыніц мімаходзь гаворыцца, што Якаў Маісеевіч уваходзіў у склад Усебеларускага аб’яднання (асацыяцыі) мастакоў. Ці так гэта на самай справе? І калі, у якія гады такая повязь з роднай Беларуссю мелася?.. Падставы на тое, канешне ж, былі самыя што ні ёсць поўныя. Якаў Маісеевіч і сам ілюстраваў уласныя кнігі, і працаваў як мастак ‒ для душы, для ўласнага самавыяўлення.

 

Алесь Карлюкевіч

 

 

Прочитано 40 раз Последнее изменение Четверг, 08 октября 2020 01:10